14 верасня ў мінскім Loft cafe ў межах сямейнага праекта «Пацеркі» адбылася чарговая тэатральная сустрэча для дзяцей і бацькоў. На гэты раз сямейны тэатр ценяў «Веліструхен» паказаў гасцям спектакль «Хто ёсць КОТ».

Як расказала БелаПАН адна з заснавальнікаў праекта «Пацеркі» Анастасія Хоміч-Базар, праект уяўляе сабой правядзенне сустрэч рознага кшталту — тэатральных, музычных і кніжных. «Асноўная мэта нашага праекта — каб дзеці і дарослыя разам добра правялі час», — адзначыла яна.

Паводле слоў Хоміч-Базар, падобныя мерапрыемствы праводзяцца ў Мінску кожную суботу.

«Мы стварылі пляцоўку для лялечных тэатраў, і людзі, якія ўжо паказвалі ў нас свае спектаклі, ставяць новыя, таму што ведаюць, што для гэтага ёсць месца і магчымасць паказваць іх з нейкай перыядычнасцю, — сказала яна. — Гэта натхняе на стварэнне фестывалю лялечных тэатраў. Думаю, што на працягу года мы зможам гэта арганізаваць».

Мастачка Ганна Сілівончык расказала пра спектакль «Хто ёсць КОТ». Спектакль складаўся з некалькіх кароткіх смешных гісторый з кацінага жыцця, якія дазволілі гледачу наблізіцца да разумення сутнасці гэтай жывёлы, пазнаёмілі з кацінай псіхалогіяй, фізіялогіяй і анатоміяй, дапамаглі пераканацца, што «кот у мяшку» — гэта вельмі прыемны сюрпрыз. Таксама пасля заканчэння спектакля адбыўся майстар-клас па стварэнні лялек для ценявога тэатра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?