У чацвёртым квартале гэтага года Расія паставіць у Беларусь 3,1 млн. тон нафты.

Такі аб’ём прадугледжаны зацверджаным графікам транспарціроўкі нафты па сістэме магістральных нафтаправодаў за межы Расійскай Федэрацыі, паведамляе РІА Новости са спасылкай на прадстаўніка прэс-службы Міністэрства энергетыкі РФ.

Нагадаем, напярэдадні 2013 года Расія адмовілася падпісваць з Беларуссю гадавы баланс паставак, апасаючыся аднаўлення беларускім бокам «шэрага» экспарту растваральнікаў і разбавіцеляў.

Сёлета пастаўкі нафты адбываюцца ў рамках графікаў, якія зацвярджаюцца штоквартальна. Кожны квартал на беларускія НПЗ паступала 5,75 млн. тон расійскай нафты.

Пастаўкі нафты ў чацвёртым квартале гэтага года і на 2014 год Беларусь мела намер абмеркаваць з Расіяй на найбліжэйшым пасяджэнні Саюзнага ўрада.

Яго планавалася правесці ў Маскве 17 верасня, аднак затым сустрэча была перанесеная.

Як паведаміла БелаПАН інфармаваная крыніца — «па тэхнічных прычынах». Пасяджэнне саюзнага ўрада, паводле яе слоў, можа адбыцца ў кастрычніку.

У канцы жніўня кампанія «Транснефць» паведаміла пра намер скараціць з верасня пастаўкі нафты ў Беларусь на 400 тыс. тон у сувязі з рамонтнымі работамі на нафтаправодзе «Дружба».

Гэта адбылося неўзабаве пасля затрымання ў Мінску гендырэктара Уралкалія Уладзіслава Баўмгертнера.

Іншая расійская кампанія — «Раснефць», якая валодае Мазырскім НПЗ праз «Слаўнафту» (сумесны актыў з «Газпром нафтай») — папрасіла «Транснефць» не зніжаць пастаўкі на завод у сувязі з неабходнасцю выканання кантрактных абавязацельстваў.

Кіраўнік «Раснефці» Ігар Сечын заявіў, што ўрон кампаніі ад зніжэння паставак нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале можа скласці 3 млн. долараў за месяц.

Падчас візіту Сечына ў Мінск 11 верасня Аляксандр Лукашэнка падзякаваў яму «за прынцыповасць», якую кіраўніцтва «Раснефці» праяўляе ў пытаннях абавязацельстваў па пастаўках нафты ў Беларусь.

Паводле слоў Лукашэнкі, пасля заявы «Транснефці» аб намеры паменшыць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ ён даручыў першаму віцэ-прэм’еру Уладзіміру Сямашку «заключыць дагаворы па пастаўках нафты з сусветнага рынку па сусветных цэнах».

«Дзявацца было няма куды, паколькі завод жа не спыніш — гэта велізарны ўрон. Таму ваша заява была дарэчы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Раней расійскі бок увязваў падпісанне паліўна-энергетычнага балансу з ходам рэалізацыі беларуска-расійскіх праектаў у прамысловай сферы. Да гэтага часу вызначаныя пяць такіх праектаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?