— Тата, і тут "Эўрапейскі марш"!

Мой малодшы, пяцігадовы Цімох, з фанатызмам індывіда, які толькі што навучыўся чытаць, бэкае каля кожнай шыльды ці афішнай тумбы. Дык ужо і яму прымільгаліся налепкі з рэклямай акцыі 14 кастрычніка. Пры тым што іх, з ужываньнем экспрэсыўнай лексыкі, рэгулярна зьдзіраюць адмыслова праінструктаваныя дворнікі ды прыбіральшчыцы. Вось у гэтых катэгорый насельніцтва сымболіка ЭЗ дакладна выклікае алергію:)

Так ці іначай, арганізатары дэманструюць надзвычайны размах ды энтузіязм. Хаця спн. Пяткевіч, празь якую яны зараз спрабуюць знайсьці паразуменьне з вярхамі, наўрад ці акажацца слабым зьвяном. Ва ўлады няма ні найменшага жаданьня братацца з "шалудзівымі людзьмі". І нават калі давядзецца трохі пазаляцацца да Эўропы, то пасярэдніцтва ў асобе апазыцыйных лідэраў сто гадоў не патрэбнае.

І на сакральную плошчу ў цэнтры гораду маніфэстантаў пускаць не разгоняцца. Тым болей што тут уладам зусім не абавязкова выстаўляць сябе ворагамі Эўропы. Ёсьць нейкія параграфы нарматыўных актаў, а побач жа мэтро, адміністрацыйныя будынкі — карацей, мы б і радыя, але "не паложана".

Зрэшты, энтузіясты эўрапейскага вэктару ахвотна палічаць станоўчым мэсыджам ужо той варыянт, калі спэцназ ня стане мясіць. Бачыце, маўляў, у кіроўных вярхох ужо зрабіліся ў душы эўрапейцамі, толькі яшчэ саромеюцца прызнацца:)

Асобныя апазыцыйныя дзеячы начапілі перад маршам ружовыя акуляры. Учора ставілі рэжыму канчатковы дыягназ (таталітарызм і ўсё такое), а сёньня пераконваюць, што там, наверсе, безь пяці хвілін зайкі:) Ды яшчэ і ганяць тых, хто дазваляе сабе скептычна ацэньваць магчымасьць дыялёгу: маўляў, варожыя элемэнты! Піяр патрабуе ахвяр? Ва ўсякім разе, варта дазаваць палітычны рамантызм, бо пастфактум гэта вылазіць дэпрэсыўнымі настроямі наіўных актывістаў.

Ну а ў каго-кольвек на ўсходзе — традыцыйны рэфлекс: "Московские новости" трактуюць рыхтаванае шэсьце як квінтэсэнцыю антырасейскіх настрояў. Малюецца нейкая фантасмагорыя: "Масштабныя ды шматлікія акцыі падтрымкі "Эўрапейскага маршу" разгарнуліся па ўсёй краіне. Але асаблівую актыўнасьць апазыцыя выявіла ў сталіцы, дзе ўжо нікога не зьдзіўляюць і не палохаюць шматлікія групы маладых людзей, што шпацыруюць пад сьцягамі ЭЗ з гучнымі воклічамі: "Беларусь ў Эўропу!".

Павявае стылем "Пионерскай правды" саракагадовай даўніны. Выснова ж палягае ў тым, што "беларускі народ патрохі аб'ядноўваецца разам з уладай ды апазыцыяй супраць "зламыснага" Крамля". І сам артыкул мае назву "Марш ад Расеі". Карацей, у каго што баліць.

Зрэшты, калі адкінуць гіпэрбалы, то доля праўды ў апісаньні нашага трэнду ёсьць. Ад Андрэя Вардамацкага, мэтра незалежнай сацыялёгіі, днямі я зноў пачуў пацьверджаньне: прарасейскія настроі ў Беларусі зьніжаюцца, праэўрапейскія — пакрысе мацнеюць.

Канешне, у імпэрыі пашча, як у кашалота: засмокча і не падавіцца. Але, са слоў маскоўскага палітоляга Кірылы Коктыша (зрэшты, этнічнага беларуса:), "мысьленьне сёньняшніх расейскіх элітаў вельмі эканамічнае. "Купля" Беларусі не ўяўляецца выгадным набыткам". Праўда, ён дадае: "Хіба што рэзка абвострацца стасункі з Захадам".

Ну а "Эўрапейскі марш" — хоць і ня стане рымэйкам Плошчы, нават калі арганізатары зьбяруць столькі ж народу — мае місію той кроплі, што точыць камень. Так што хай ужо даруюць дворнікі за налепкі — "Парыж варты імшы":)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?