Урад Украіны 18 верасня ўхваліў праект пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам. Пра гэта паведамляе прэс-служба Кабінета міністраў.

У паведамленні прыводзяцца словы кіраўніка прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ва Украіне Яна Тамбінскага аб тым, што дакумент быў ухвалены аднагалосна.

«Я не бачу прычын для зрыву падпісання пагаднення аб асацыяцыі з боку Еўрапейскага Саюза, асабліва пасля сённяшняга рашэння Украіны», — падкрэсліў дыпламат, дадаўшы, што гэта — «вельмі важны і рашучы крок ўкраінскага ўрада».

Прэм’ер-міністр Мікалай Азараў, адкрываючы сённяшняе пасяджэнне, заявіў, што падпісанне пагаднення аб асацыяцыі з ЕС «паспрыяе паслядоўнаму руху Украіны да еўрапейскай якасці жыцця».

Прэм’ер падкрэсліў, што гэты дакумент з’яўляецца «дарожнай картай» на шляху да той краіны, якую хочуць бачыць большасць украінцаў.

Праект пагаднення займае 236 старонак і прадугледжвае, у тым ліку, стварэнне зоны свабоднага гандлю з ЕС. У дакуменце прапісана, што мэтамі асацыяцыі з’яўляюцца: садзейнічанне паступоваму збліжэнню бакоў, паглыбленне удзелу Украіны ў палітыцы, праграмах і агенцтвах Еўрасаюза (але гэта не азначае, што Украіна абавязкова стане сябрам ЕС у будучыні) .

Міжведамаснае ўзгадненне праекта пагаднення было завершана ў жніўні. У бліжэйшы час дакумент перададуць прэзідэнту Украіны Віктару Януковічу.

Кіеў спадзяецца падпісаць пагадненне ў ходзе саміту Усходняга партнёрства 28–29 лістапада ў Вільні.

Глядзі таксама: Лагвінец: Прастора для манеўраў у Лукашэнкі звужаецца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?