Калі рашэнне аб збіранні пошліны з беларусаў, якія выязджаюць за мяжу за пакупкамі, будзе прынята, мытныя органы Беларусі будуць яго выконваць. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Сяргей Барысюк на прэс-канферэнцыі ў Мінску 18 верасня.

«Мытныя органы усюды ажыццяўляюць кантрольныя функцыі ў інтарэсах той краіны, якую яны прадстаўляюць. Калі будзе прынята дырэктыўным органам Беларусі адпаведнае рашэнне (аб увядзенні выязной пошліны), мытныя органы ў межах вызначанай у гэтым рашэнні кампетэнцыі будуць яго выконваць», — сказаў Барысюк.

Ён удакладніў, што ўсяго сёлета цераз дзяржаўную мяжу «перамешчаны 20 млн. 774 фізасобы, з якіх асобы, што маюць грамадзянства Беларусі, складаюць 12 млн. 536 тысяч». Пры гэтым, адказваючы на ўдакладняльнае пытанне, намеснік старшыні ДМК падкрэсліў, што асобная статыстыка аб тым, колькі грамадзян Беларусі выехала ў краіны Еўрасаюза, адсутнічае.

Як паведамлялася раней, Аляксандр Лукашэнка нядаўна выступіў з ініцыятывай браць выязную пошліну з тых грамадзян, якія выязджаюць у краіны Еўрасаюза. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, беларусы трацяць на пакупкі ў еўрапейскіх краінах прыблізна 3 млрд. даляраў штогод.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?