Іх прыгожыя твары мільгаюць на вокладках самых вядомых глянцавых часопісаў, а стройныя ножкі ўпэўнена мераюць крокамі лепшыя сусветныя подыумы. Трапіць у мадэльны бізнэс і раскруціцца мараць мільёны дзяўчат і хлопцаў. Але шчаслівы квіток выпадае толькі адзінкам.

Як выпадак на прыпынку дапамог доўгавалосаму бландзіну з андрагеннай знешнасцю апынуцца ў спісе самых запатрабаваных беларускіх мадэляў на Захадзе? Чаму хлопцы адчуваюць сябе камфортней у фэшн-індустрыі, чым дзяўчаты? Ці каціруецца традыцыйная славянская знешнасць? Што не задавальняе ў нашых мадэлях замежных заказчыкаў? Аб гэтым і многім іншым распавёў топ-мадэль Яўген Саўчанка.

Хлопец што трэба

— Яўген, як вас адкрылі для мадэльнай справы? Ведаю, што некаторыя абіваюць парогі мадэльных школ яшчэ з маладых гадоў, за ручку з мамамі і татамі…

— Выпадкова. Неяк раз я сядзеў на прыпынку ў сваім родным горадзе Гомелі. І раптам да мяне падышла дзяўчына па імені Паліна. Яна працавала ў мясцовай мадэльнай школе. І пацікавілася, ці не хачу я з такой знешнасцю паспрабаваць сябе ў мадэлінгу. І я, не раздумваючы, адказаў: «А чаму б і не?» На той момант мне было 20 гадоў, я вучыўся на фізічным факультэце Гомельскага ўніверсітэта імя Скарыны, сур’ёзна захапляўся каратэ. Вось так і стаў займацца, вучыцца асновам і не заўважыў, як паступова ўцягнуўся.

Праз нейкі час, кінуўшы вучобу, паехаў у Кіеў на кастынг.

Па дарозе туды зайшоў найбуйнейшае агенцтва мадэляў, якое паспяхова працуе на рынку Украіны ўжо больш за 15 гадоў. Запоўніў анкету. І ўжо праз 2 месяцы мяне адправілі скараць Парыж. Менавіта там пачалася па-сапраўднаму прафесійная кар’ера мадэлі.

— Як на такія рэзкія перамены ў жыцці адрэагавалі бацькі?

— У цэлым паставіліся станоўча. Як былы вайсковец, тата саму ідэю стаць мадэллю разглядаў з вялікай доляй скептыцызму. Праўда, потым зразумеў, што гэта сапраўды добра ў мяне атрымліваецца. І цяпер ён шмат мне дапамагае, падтрымлівае, што асабліва важна ў мадэльным бізнэсе.

— Як вас, пачаткоўца, сустрэлі ў Парыжы, у самым сэрцы сусветнай моды?

— Як толькі прыляцеў у Парыж, адразу ж прыступіў да працы. Зняўся для вядомага глянцавага часопіса L’officiel Hommes Paris. Ён арыентаваны на мужчын, якія цікавяцца модай і стылем.

23 старонкі толькі мяне.

Затым, вядома, былі здымкі і для іншых часопісаў. На самай першай Fashion Week удзельнічаў у шоу Dior Homme, Jean Paul Gaultier, Rick Owens.

— Пасля Парыжа вы рванулі ў Нью-Ёрк…

— Там я здымаўся для часопісаў, зноў жа ўдзельнічаў у шоу, наведваў кастынгі. Давялося зняцца, дарэчы, для VOGUE Italia з топ-мадэллю, іконай стылю Крыстэн Мак-Менамі і фатографам № 1 у свеце Стывенам Мэйзелам, а яшчэ для New York Times са свецкай ільвіцай, мадэллю, дызайнерам, калекцыянерам адзення, спадкаемцай імперыі Guinness Дафна Гінэс. Калі выдавалася вольная хвілінка, гуляў па горадзе са сваім сябрам Дэвідам.

Аперацыя «Адаптацыя»

— Што было самым цяжкім на першы час ў мадэльным бізнэсе? Да чаго прыйшлося прывыкаць?

— Асноўная складанасць заключалася ў тым, што неабходна было добра гутарыць па- ангельску. У працы гэта вельмі важна — свабодна размаўляць з кастынг- дырэктарамі, расказваць пра сябе. Я ж, на жаль, мову ведаў дрэнна. А яшчэ цяжка было арыентавацца ў мегаполісах.

— Не страшна было выйсці першы раз на сусветны подыум? Усё ж такі ўзровень, адказнасць.

— Скажу так: не страшна, а вельмі хвалююча. Гэта было шоу амерыканскага дызайнера Рыка Оўэнса. Але самае хвалюючае і самае вялікае шоу са мной — гэта, вядома ж, Dior Hommes. Мяне запаланяла захапленне, перапаўнялі эмоцыі. Чаго варта было толькі зірнуць на неймавернай фантазіі дэкарацыі!

— Якія патрабаванні прад’яўляюць да вас мадэльныя агенцтвы? Напрыклад, не стрыгчы валасы, не папраўляцца, не загараць, не абзаводзіцца сям’ёй, ніякіх начных клубаў…

— Патрабаванняў асаблівых няма. Галоўная ўмова — прафесійна працаваць на пляцоўцы, выкладвацца на ўсе 100 працэнтаў.

Ні ў якім разе не спазняцца на кастынгі, здымкі, паказы. Заўсёды добра выглядаць. А што тычыцца валасоў, то, натуральна, сам я не магу пайсці да цырульніка і абстрыгчы іх так, як мне хочацца. Гэта ж агенцтва прыдумала мой імідж. Я не маю права сам яго разбурыць.

— Ці перасякаліся вы з беларускімі мадэлямі на найбуйнейшых сусветных паказах?

— Перасякаўся, але не на шоу. Аднойчы бачыў на здымках Насту Белікаву, мы з ёй тады разам працавалі.

— Няўжо славянская знешнасць за мяжой не знайшла сабе славы?

— Гэтае пытанне хутчэй да кастынг-дырэктараў. Але, мяркуючы па тым, што нашых мадэляў (рускіх, беларускіх, украінскіх) досыць часта запрашаюць на самыя вялікія шоу, то дазволю зрабіць выснову: славянская знешнасць усё ж такі запатрабаваная. І яшчэ важны момант. Каго выберуць для ўдзелу ў шоу, залежыць толькі ад дызайнера.

І адзін у полі воін

— Ці існуе ў мужчынскім мадэльным бізнэсе жорсткая канкурэнцыя? Дружалюбная атмасфера мае права на жыццё?

— Канкурэнцыя, натуральна, ёсць. Як і ў любой справе, дзе ёсць больш чым адзін спецыяліст аднаго і таго ж профілю працы. Але ў нас, у адрозненне ад дзяўчат, абстаноўка спакойная. Мы нават сябруем. Часам, праўда, спрачаемся і лаемся, але да боек справа не даходзіць. Я, напрыклад, ні разу не заўважаў, каб хтосьці камусьці падкопы рабіў. Але і адзін у полі воін у мадэльным бізнэсе — не рэдкасць. Хоць хлопцы і камфортней адчуваюць сябе ў мадэльным бізнэсе, але плацяць больш дзяўчатам.

— Што самае складанае, па-вашаму, у кар'еры мадэлі- мужчыны?

— Шчыра скажу, асаблівых складанасцяў не адчуваю. Пакутлівымі дыетамі сябе не караю. Люблю смачна паесці. Аддаю перавагу беларускай, украінскай кухні. Спортам імкнуся займацца, але выключна для сябе. Да пастаянных пералётаў таксама ўжо прызвычаіўся. А вось па родным і каханай жонцы заўсёды сумую. Бацькам імкнуся тэлефанаваць хоць бы адзін раз на тыдзень.

— Максімальная колькасць паказаў, здымак на дзень?

— Бывала, што і 7 работ на дзень, а бывала і 1.

— Ці можаце даць ацэнку стану індустрыі моды і мадэльнага бізнэсу ў Беларусі?

— У нас, на жаль, узровень далёкі ад таго, што я прывык бачыць у Амерыцы і Еўропе. Але радуе, што імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб калі-небудзь стаць на адну прыступку з Лонданам або Берлінам. Але да Парыжа, Мілана, Нью — Ёрка нам яшчэ тупаць і тупаць.

— Сяргей Нагорны ў адным з інтэрв'ю неяк выдаў: «Модная індустрыя — прыбытковы бізнэс для жанчын, на іх і попыт вышэй, і ганарары ў іх большыя. І потым, у Еўропе і ЗША дастаткова сваіх хлопцаў. Нашым трэба больш думаць аб працы ў Беларусі, дзе маладыя людзі запатрабаваныя». Што думаеце?

— Часткова пагаджуся. Толькі вось у Беларусі не так шмат вольных працоўных месцаў для маладых. Мадэлінг ж за мяжой — гэта добры шанец паглядзець свет, пасупрацоўнічаць з прафесіяналамі, набрацца каштоўнага вопыту, магчымасць зарабіць прыстойныя грошы. Але з апошнім пунктам не ўсё так проста, як здаецца.

— Ці даводзілася сутыкацца з зайздроснікамі, якія выкрыквалі крыўдныя фразы накшталт: «Усе мужчыны ў мадэльным бізнэсе — геі», «Ды яны да бабаў падобныя»?

— Так. Але, дзякуй Богу, не асабіста. У інтэрнэце я чытаў каментары да сваіх папярэдніх інтэрв’ю для беларускіх журналістаў. Шмат новага пра сябе даведаўся (смяецца). Такім, якія да гэтага часу вераць у дурныя стэрэатыпы, хочацца сказаць: не судзіце па знешнасці, яна ж бывае падманлівая. У асноўным усе гэтыя хлопцы-мадэлі — традыцыйнай арыентацыі, у многіх ёсць дзяўчыны, жонкі і нават дзеці. Не даюць спакою нашым людзям мае доўгія валасы. На Захадзе ж імі наадварот захапляюцца.

О, шчасліўчык!

— Вы носіце адзежу толькі вядучых модных дамоў?

— Не. Я не замарочваюся на брэндах. У мяне ўсе рэчы досыць простыя і ў той жа час якасныя і зручныя. Гэта галоўныя крытэрыі пры куплі адзення.

— Як апранаюцца за мяжой?

— Проста, але з густам. У нас, на жаль, не ва ўсіх, але ў асноўнай масы з гэтым ёсць праблемы. Мы грашым неапалучальнымі рэчамі і колерамі.

— Работы якога беларускага дызайнера заслугоўваюць увагі і ўхвалы?

— Магу назваць Івана Айплатава. Мне падабаецца яго адзенне і сам ён як чалавек.

— У якім узросце ў мадэльным бізнэсе сыходзяць на пенсію?

— Маё меркаванне — мадэлі не сыходзяць на пенсію. Ёсць мадэлі, якім далёка за 50, але на гэтым іх кар’ера не спыняецца.

— А чым вы плануеце займацца пасля такога поспеху?

— Пакуль не ведаю. Але я пачаў ужо думаць пра дабрачыннасць. Хачу пабудаваць прытулак для бяздомных людзей, прытулак для жывёл. Калі ўсё складзецца, абавязкова ажыццяўлю свае планы.

— Ці лічыце вы сябе шчасліўчыкам?

— Так.

— Што яшчэ, акрамя адсутнасці ўсмешкі, не задавальняе ў нашых мадэлях замежных заказчыкаў?

— Ніхто не любіць маркотных, сумных і нетаварыскіх людзей. Трэба заўсёды выглядаць жыццярадасным.

— Цікава даведацца пра закуліссе моднага паказу. Што дзеецца за подыумам за некалькі гадзін да выхаду?

— Калі цябе зацвердзілі на шоу, то звычайна за дзень да яго праводзіцца рэпетыцыя. Але так адбываецца не ў кожнага дызайнера. Часам яе праводзяць у дзень шоу. Мадэлі прыязджаюць за 3–4 гадзіны да паказу. Нам робяць мэйкап, укладваюць валасы. Мы паспяваем перакусіць. Потым яшчэ раз рэпетуем, апранаемся, становімся адзін за адным і выходзім па чарзе. Пасля шоу ўсе хуценька пераапранаюцца, змываюць касметыку і далей пабеглі хто куды.

— Колькі вобразаў паспяваеце «вынесці " на подыум за адно шоу?

— Ад 1 да 4.

— Мода для вас — гэта…

— Перш за ўсё любімая праца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?