Паводле палітоляга Алеся Лагвінца, калі пагадненьне аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ будзе пасьпяхова выконвацца, яно закране і Беларусь, паведамляе радыё «Свабода».

І гэта паўплывае як на аргумэнты прыхільнікаў эўрапейскага выбару ў Беларусі, так і на паводзіны звычайных грамадзянаў.

А ці будзе вымушаны афіцыйны Менск карэктаваць сваю зьнешнюю палітыку? «Лукашэнка — майстар ваганьня, лявіраваньня паміж Расеяй і ЭЗ.

Прастора для манэўра ў Лукашэнкі, прынамсі яшчэ крыху, застаецца. І тое, што сёньня эўрапейскі вэктар такі неразьвіты — гэта вынік выбару Лукашэнкі на карысьць Расеі.

Так ці інакш, далейшае будаваньне Эўразійскага зьвязу прывядзе да супрацьстаяньня паміж Лукашэнкам і Масквой, бо Масква, у адрозьненьне ад Брусэля, хоча ўсё кантраляваць і наўрад ці вельмі пытацца думкі сваіх меншых партнэраў.

І таму можна прыпускаць, што ўладам Беларусі так ці інакш давядзецца шукаць пэўны больш стабільны, больш бесканфліктны спосаб адносінаў з аб’яднанай Эўропай.

Для разьвіцьця стасункаў з ЭЗ ёсьць велізарны патэнцыял. Гэты патэнцыял больш выкарыстоўваецца Ўкраінай, Малдовай, Грузіяй. Але Беларусь ня можа цалкам ізалявацца ад ЭЗ нават на сёньняшні дзень».

Кабінэт міністраў Украіны на паседжаньні ў сераду ўхваліў тэкст пагадненьня з Эўразьвязам аб асацыяцыі.

Украіна разьлічвае падпісаць гэтае пагадненьне на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні ў лістападзе. У пагадненьні ёсьць разьдзел пра зону вольнага гандлю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?