Пад іх цяжарам наша сінявокая рэспубліка сагнулася ў тры пагібелі і ледзь трымаецца на нагах...

Гэта адчуў нават Аляксандр Рыгоравіч, які падпісаў загад аб іх тэрміновым скарачэнні ажно на дваццаць пяць працэнтаў. Бо да яго дайшлі чуткі, што чыноўнікі ўсіх рангаў да таго абарзелі, што нікога не баяцца, а бяруць хабар нават у сваіх кабінетах.

І ўстанавіліся негалосныя таксы: колькі, каму і за што трэба кінуць «на лапу». Так, напрыклад, чыноўнік сярэдняга звяна бярэ за свае паслугі да пяцісот тысяч даляраў. А ў вышэйшых па статусе стаўка аўтаматычна падымаецца да некалькіх мільёнаў.

Апошнім часам пачалася чарговая кампанія па навядзенні парадку ў будаўнічай сферы. Даўно пара — справа добрая. Але на каго заводзяць гучныя справы і саджаюць за краты, то гэта так званых «стрэлачнікаў». А сапраўдныя віноўнікі сядзяць у цёплых кабінетах і толькі пасмейваюцца.

Бо хто выдаў махляру­прадпрымальніку зямельны надзел на будаўніцтва жылога дома? Чыноўнік, якому далі хабар. А другі — выдаў грошы ў банку, а трэці — рабочых­будаўнікоў. І вось ён будуе дом і кожны месяц «выкручвае» рукі будучым уладальнікам кватэр, павялічваючы цану аднаго квадратнага метра.

Міхаіл Мясніковіч заявіў на ўсю краіну, што ўрад па прапанове аднаго з чыноўнікаў рыхтуе ўказ, каб браць падатак у буйным памеры з непрацуючых грамадзян. Думка ва ўрадзе такая: раз ёсць грамадзяне, якія не працуюць, але ж за штосьці жывуць, маюць нелегальны бізнес, то няхай падзеляцца з дзяржавай.

Бо грошай у бюджэце катастрафічна не хапае... Нават канадскія хакеісты адмаўляюцца ў нас гуляць за мізэрныя сто тысяч даляраў у месяц.

Наступнай казырнай картай у руках прэм’ера аказаліся непрыватызаваныя кватэры нашых грамадзян. Хтосьці з кемлівых чыноўнікаў прапанаваў пера­весці іх у арэнднае жыллё, бо цяпер пачынаюць будаваць такія дамы для маладых беларусаў.

І што ж атрымаецца? Жыве, дапусцім, адзінокі пенсіянер, атрымлівае дзесьці паўтара, няхай нават два мільёны рублёў пенсіі, то адзін давядзецца плаціць за кватэру, якую ён калісьці атрымаў, але не паспеў прыватызаваць. Як такому небараку пражыць? А чыноўніку гэта «да лямпачкі». Галоўнае — пацякуць у бюджэт дзяржавы мільярды рублёў. Гэты ўказ у цяперашні час рыхтуецца ва ўрадзе, пасля пойдзе на подпіс прэзідэнту.

Мой сусед, дзед Кузьма, пабег было тэрмінова прыватызаваць сваю аднапакаёўку. А там яго агарошылі: плаці, дзед, сто шэсцьдзясят мільёнаў. Праўда, не адразу. Першы ўзнос — усяго сямнаццаць мільёнаў, а пасля, на працягу сарака год, давядзецца яму выплочваць амаль па чатырыста тысяч на месяц.

То яго хапіў такі удар, што ён ледзь не загрымеў у бальніцу. Але я яго ўратаваў. Прынёс пляшку гарэлкі...

Цяпнулі з ім па чарцы, потым яшчэ, то ён і супакоіўся. Пасля трэцяй чаркі аказалася, што жыццё не такое ўжо і кепскае. «Рыгоравіч такога не дазволіць, каб пусціць дзеда Кузьму, знакамітага ў свой час каваля, ісці жабраваць з торбай па вёсках!» — выкрыкнуў ён, потым упаў на ложак і заснуў.

У народзе ходзяць чуткі, што распрацоўваецца яшчэ адзін загад. Згодна з якім уладальнікі кватэр, якія пражываюць пачынаючы з чацвёртага паверха і вышэй, будуць даплочваць ад дваццаці тысяч рублёў і больш за тое, што дыхаюць чысцейшым паветрам.

Чыноўніцкая мафія пранікла ва ўсе галіны нашай гаспадаркі. Вось свежы прыклад. Бяром наш «Мінгаз». Там чыноўнікі на чале са сваім начальнікам «не спяць у шапку», а думаюць дзень і ноч, каб працаваць з прыбыткам.

Асабіста я плачу за газ кожны месяц. Заплаціў за май 2800 рублёў. А побач яшчэ чытаю: «Входящий остаток» — 10250 рублёў. А за чэрвень так званы «остаток» ужо склаў 15000 рублёў.

Два дні тэлефанаваў па розных інстанцыях, пакуль урэшце ўладарны жаночы голас мне не адказаў так: «А где вы шляетесь, а? У вас нужно газовый счётчик поменять, а вас вечно нет в квартире».

«Дык замяніце, калі гэта бу­дзе?» — спытаў я.

«Где­-то в конце сентября!» — адказала яна.

То мне яшчэ гэты «остаток» дабавяць за ліпень і жнівень, ды ўсё па ўзрастаючай.

А я трэці год без працы!

Давядзецца плаціць падатак за беспрацоўе, які агучыў спадар Мясніковіч. Цікава, якога той будзе памеру?

Толькі адзіны бачу выхад: у кіраўніцтва краіны павінны прыйсці новыя людзі, з іншымі, больш прагрэсіўнымі поглядамі на жыццё, маладыя і таленавітыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?