Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў каталіцкіх святароў маліцца за арыштаванага дзяржбяспекай ксяндза Уладзіслава Лазара, але перасцярог ад паспешлівых дзеянняў. Гэтую заяву ён зрабіў на сустрэчы са святарамі святароў і кансэкраванымі асобамі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Вілейцы.

«На сустрэчы з каталіцкім духавенствам арцыпастыр нагадаў пра сітуацыю з арыштам ксяндза Уладзіслава Лазара, заахвочваючы святароў, законнікаў і законніц маліцца ў гэтай сітуацыі, а таксама не прадпрымаць ніякіх дзеянняў без ўзгаднення з біскупам», — паведамляе афіцыйны сайт касцёла ў Беларусі Catholic.by.

«Гэтая справа выклікала шырокі рэзананс у Беларусі і свеце і, на жаль, не спрыяла адзінству. Следства працягваецца, і сёння цяжка рабіць здагадкі, чым завершыцца справа. Трэба маліцца», — цытуе сайт арцыбіскупа Кандрусевіча.

Арцыбіскуп «папрасіў святароў аб далучэнні гэтай справы да малітваў вернікаў, а таксама па абставiнах, пасля літургіі, асабліва ў нядзелю, маліцца ў храмах аб шчаслівым вырашэнні гэтай праблемы».

Такі зварот арцыбіскупа можна расцаніць як праяву заклапочанасці. Нядзельная малітва на літургіі ўключае самыя важныя па значнасці справы. Раней касцёл ставіўся да справы з максімальнай асцярожнасцю. Не было ніякіх выказванняў ані ацэнак з боку іерархаў. Гэта выклікала крытыку з боку актыўных святароў і свецкіх: арышт Лазара многія ўспрынялі найперш як спробу застрашыць каталікоў і стварыць атмасферу недаверу да іх.

Толькі праз некалькі месяцаў пасля затрымання стала вядома, што КДБ абвінавачвае ксяндза Лазара ў здрадзе дзяржаве. Гэтую інфармацыю атрымала Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў.

«Атрыманая інфармацыя зводзіцца да наступнага — ксёндз У.Лазар сапраўды затрыманы органамі КДБ і знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску. Ён абвінавачваецца ў парушэнні п. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яго крымінальная адказнасць вызначаецца п. 6 арт.16 „Саўдзел у злачынстве“ Крымінальнага кодэкса, — паведамляў касцёл. — Ксяндзу Лазару ставіцца ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы».

«Мы нядаўна затрымалі аднаго з здраднікаў, які служыў у спецслужбах і які праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы быў звязаны з замежнымі дзяржавамі», — адзначыў Лукашэнка журналістам.

На пастырскай сустрэчы ў Вілейцы мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч таксама паведаміў, што агульнабеларуская сустрэча каталіцкіх святароў, прымеркаваная да завяршэння Года веры, пройдзе 15 лістапада ў мінскай парафіі Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл).

Сайт Catholic.by піша, што мітрапаліт «падзякаваў прысутным за адданую працу, заклікаў да еднасці і папрасіў быць уважлівымі, каб не быць уцягнутымі ў супрацьпраўныя дзеянні. „Няхай словы псальма „як добра жыць братам у еднасці“ дапамогуць нам будаваць еднасць паміж намі, бо ў гэтым наша сіла“, — пажадаў Мітрапаліт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0