У Беларусі не чакаецца суровай зімы, паведаміла БелТА галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.

«У Беларусі зімой тэмпературны фон будзе адпавядаць сярэднім шматгадовым значэнням, так што казаць пра незвычайна суровую зіму, якой не было ў Еўропе больш за 100 гадоў, пакуль не выпадае», — сказала Людміла Парашчук.

У снежні ў Беларусі чакаецца сярэдняя тэмпература ад мінус 2 да мінус 5 градусаў, у лютым — 4–8 градусаў ніжэй за нуль.

У студзені сярэдняя тэмпература паветра мяркуецца крыху вышэй за кліматычную норму, якая складае 5–8 градусаў марозу.

Паводле галоўнага сіноптыка, кліматычныя або сезонныя прагнозы ва ўсім свеце знаходзяцца ў стадыі навуковага пошуку, іх спраўджанасць яшчэ невялікая — 60–70%. Распрацоўкай такіх прагнозаў займаюцца вядучыя сусветныя цэнтры, абсталяваныя магутнымі вылічальнымі машынамі.

У рэспубліканскім гідраметэацэнтры распрацоўкай сезонных прагнозаў не займаюцца.

«Мы выкарыстоўваем звесткі Паўночна-Еўразійскага кліматычнага цэнтра, размешчанага ў Маскве. Аналіз звестак гэтага цэнтра дазваляе з верагоднасцю 68–70% зрабіць той ці іншы прагноз», — адзначыла Людміла Парашчук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0