У рамках чарговай акцыі рэдакцыя часопіса Arche прапануе набыць камплект з дзвюх тоўстых кніг: зборнік прац беларускага гісторыка з польскага Беластока Алега Латышонка «Нацыянальнасьць — Беларус» (2-е выданне) і збор асноўных твораў аднаго са знакавых нацыянальных дзеячаў першай паловы ХХ ст. ксяндза Адама Станкевіч «З Богам да Беларусі».

Другое выданне кнігі Алега Латышонка (агульны аб’ём 659 старонак) значна пашыранае ў параўнанні з першым (агульны аб’ём 558 старонак) за кошт уключэння ў яго новых прац аўтара, што былі напісаныя ў апошнія гады. Некаторыя з іх друкуюцца ў гэтым зборніку ўпершыню.

Асноўныя элементы, з якіх складаецца кніга:

— пераклад на беларускую мову галоўнай на сённяшні дзень навуковай працы А. Латышонка «Ад белых русінаў да беларусаў», з дадаткам пазнейшых артыкулаў, якія дапаўняюць і ўдакладняюць яе змест;

— комплекс артыкулаў, прысвечаных найстаражытнейшаму перыяду беларускай гісторыі, з асаблівым закрананнем праблемы нарманскай спадчыны ў Беларусі;

— комплекс артыкулаў розных гадоў, прысвечаных пачаткам фармавання беларускай нацыянальнай ідэі ў ХІХ і пачатку ХХ ст., з асаблівай увагай на феномены «краёвасці» і «тутэйшасці»;

— артыкулы, прысвечаныя месцу Беларусі і беларусаў у геапалітычных канцэнцыях, у тым ліку новы артыкул «Беларуска-польская мяжа ў сьвятле цывілізацыйных тэорыяў».

У кнігу Адама Станкевіча (агульны аб’ём 1097 старонак) увайшлі:

— 12 навукова-папулярных працаў А. Станкевіча на гістарычна-культурную тэматыку, большасць з якіх прысвечаныя разгляду жыцця і дзейнасці знакавых для беларускай гісторыі і культуры дзеячаў: Вітаўта Вялікага, Францішка Скарыны, Паўлюка Багрыма, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Браніслава Эпімах-Шыпілы, Казіміра Сваяка, Міхала Забэйды-Суміцкага і інш. Сярод іншых вылучаецца праца «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення» — адна з першых спроб сістэматызацыі гістарычных звестак пра паслядоўнае развіццё беларускага нацыянальнага руху ў ХІХ — пачатку ХХ ст.;

— 4 працы, прысвечаныя гісторыі хрысціянства і хрысціянскага руху ў Беларусі, сярод якіх вылучаюцца напісаныя перад самым пачаткам Другой сусветнай вайны кнігі «Хрысціянства і беларускі народ» і «Беларускі хрысціянскі рух (гістарычны нарыс)»;

— некалькі прац, асноўнымі мэтамі напісання якіх была дапамога беларускаму каталіцкаму святарству ў правядзенні беларускамоўных дадатковых набажэнстваў, казанняў і навукаў, а таксама нясенне народу святла Хрыстовай навукі на роднай мове;

— прамовы ксяндза Станкевіча падчас выканання ім у 1922—1927 гг. абавязкаў пасла ў польскага Сейма;

— праекты па рэформе Каталіцкага касцёла ў Беларусі, якія пісаліся ксяндзом Станкевічам у апошнія гады жыцця з мэтай дамагчыся ад савецкіх уладаў стварэння ў БССР своеасаблівай зоны рэлігійнай свабоды;

— каляндарныя запісы, якія рабіліся А. Станкевічам з канца 1930-х гг. да сярэдзіны 1948 г. — унікальнае, цудам захаванае сведчанне пра лёсавызначальны для Беларусі і беларусаў час;

— дадатак да тэкстаў самога Адама Станкевіча — тэксты з юбілейнага выдання, выдадзенага ў Вільні ў 1940 г. у гонар 25-годдзя ягонай святарскай дзейнасці.

Акцыя працягнецца да 23 верасня. Падрабязней пра акцыю чытайце тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0