Аляксандр Лукашэнка накіраваў лісты кардыналу Тарчызіа Бэртонэ, які сыходзіць з пасады Дзяржсакратара Ватыкана, і прызначанаму на пасаду Дзяржсакратара арцыбіскупу П’етра Параліну.
«Ваша Эмінэнцыя, у Беларусі з разуменнем і шчырым шкадаваннем успрынялі вестку аб Вашым рашэнні пакінуць пасаду Дзяржаўнага Сакратара Дзяржавы Ватыкан, — гаворыцца ў лісце на адрас Бэртонэ. — Шматгадовая руплівая дзейнасць прынесла Вам заслужаную павагу і аўтарытэт не толькі сярод каталіцкіх вернікаў, але і ва ўсім свеце. Ваша добрае стаўленне, адкрытая пазіцыя і ўвага да Беларусі і яе народа значна паспрыялі далейшаму развіццю шчырага сяброўства і даверу паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам.
З вялікім задавальненнем мне прыгадваюцца нашы сустрэчы ў Ватыкане і ў Беларусі.
Вы сталі нашым добрым сябрам і заўсёды будзеце жаданым госцем на беларускай зямлі. Прыміце, Ваша Эмінэнцыя, пажаданні моцнага здароўя, шчасця і душэўнага спакою, а таксама запэўніванне ў маёй вельмі глыбокай павазе. Аляксандр Лукашэнка».
Варта адзначыць, што адстаўка Бэртонэ адбылася пасля шэрагу скандалаў, звязаных з барацьбой за ўплывы ў атачэнні Папы.