Папярэдняе сужэнства ў Сораса распалася ў 2005-м.

Джордж Сорас — таленавіты інвестар, які сабраў багацце, што ацэньваецца прыкладна ў 20 мільярдаў даляраў. Аднак яшчэ большую вядомасць як здабыў як філантроп.

У апошнія дзесяцігоддзі большасць сваіх прыбыткаў ён укладаў у дабрачыннасць.

Open Society Foundation прафінансавала самыя розныя праекты ў дзясятках краін на 7 мільярдаў даляраў. У ЗША Сорас падтрымліваў лібералаў і антываенныя ініцыятывы. Ва ўсіх свеце ён даваў грошы на праекты, звязаныя з абаронай правоў жанчын, меншасцяў — напрыклад, цыганоў, на развіццё навукі, культуры, падтрымку свабоды слова, барацьбу з беднасцю.

Аддзяленне свайго фонду ў Расіі Сорас закрыў — прызнаў, што карупцыя там непераможная і пранікла нават у ягоны фонд. У Беларусі Фонд Сораса зачынілі ў 1997-м, бо ён падтрымліваў незалежныя СМІ.

Джордж Сорас нарадзіўся перад вайной у Венгрыі і цудам выжыў у часе Халакосту. Пасля вайны яму ўдалося эміграваць з камуністычнага рэжыму на Захад.

У знак пашаны да сваіх цэнтральнаеўрапейскіх каранёў ён уклаў найбольшыя грошы ў дабрачыннасць менавіта ў гэтым рэгіёне, у тым ліку і ў Беларусі. Пасля забароны фонду ў нашай краіне ён працягваў дзейнасць, разлічаную для беларусаў, з-за мяжы. Яго прыярытэтам была падтрымка беларускай культуры і незалежных ініцыятыў.

Свой трэці шлюб Сорас бярэ, нібы першы. Вяселле будзе доўжыцца тры дні.

Яно пачалося ўчора вячэрай і прыёмам у Музеі сучаснага мастацтва на Манхэтэне ў Нью-Ёрку, спалучаным з адкрыццём выставы Рэнэ Магрыта.

Сёння ў маёнтку Сораса ў коле сям’і — прысутнічаць будуць усе пяць дзяцей Сораса — адбудзецца цырымонія роспісу. Пасля гэтага ў адным з мастацкіх цэнтраў у штаце Нью-Ёрк пройдзе вясельнпя вячэра. На яе запрошана 500 гасцей, сярод якіх прэзідэнт Эстоніі Ільвес, прэзідэнтка Ліберыі Сірлеаф, прэм’ер Албаніі Рама, прэзідэнты Сусветнага банка і найбольшых інвестыцыйных фондаў, амерыканскія палітыкі-дэмакраты, артысты і навукоўцы.

Са сваёй абранніцай Сорас упершыню сустрэўся на вячэры ў 2008 годзе. Яна родам з Каліфорніі, дачка медсястры і афіцэра-марака. Працавала кансультантам у галіне адукацыі і аховы здароўя. Яе апошнім праектам было навучанне ёгі праз інтэрнэт.

Вячэру на вяселлі будзе гатаваць кухар з рэстарана ў Капенгагене, у якім, так здарылася, Сорас і Болтан упершыню павячэралі разам у 2009-м.

Спяваць на вяселлі будзе пяюля Мая Андрадэ з Каба-Вердэ. Аркестрам будзе дырыжыраваць сябар сям’і Іван Фішэр з Венгрыі — вядомы кампазітар.

А замест падарункаў Сорас і Болтан папрасілі гасцей зрабіць ахвяраванні ў дабрачынныя фонды Global Witness, Harlem’s Children Zone, Нацыянальны інстытут танцу, Planned Parenthood і Фонд адукацыі цыганоў.

Надзвычай багаты чалавек, Сорас застаецца даволі сціплым у побыце. Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін прыгадваў, як у часе сваёй сустрэчы з філантропам у 1990-х ён найбольш уразіўся таму, як Сорас з’ядаў усё на талерцы і нават вымачваў падліву хлебам.

Вядома, што асноўную частку свайго багацця Сорас завяшчаў дабрачынным фундацыям.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?