Яны не прасілі нічога звышнатуральнага. Проста хацелі, каб іх пачулі і трошачкі зразумелі. Але ім здрадзілі. Толькі здраднікам выявіўся кожны асобна ўзяты мінак, кожны заўсёднік «соткі», кожны асобна ўзяты Баязьлівец, Пафігіст, Эгаіст. За сьвяты абавязак – прынамсі, напачатку – палічылі павысьміхацца і нібыта «незалежныя» журналісты.

Мы былі сьведкамі клясычнай сцэны вайны пакаленьняў, разрыву бацькоў і дзяцей, клясычнай бытавой трагедыі. Грамадзкай кухняй, зь яе «правамі і свабодамі», яе немагчымымі ў іншых месцах палітбаталіямі стала «рэвалюцыйная» Кастрычніцкая. Розьніца ў тым, што гэтым разам ня сьцены ўзводзілі, а рылі бездань – мы, народжаныя ў СССР, шчасьлівыя насельнікі духоўнага гета, сваімі рукамі. «Дасьведчаныя» па жыцьці, нібы ім навучаныя, мы прайгралі кінуты выклік, нават не асэнсаваўшы сам факт выкліку. Налізаўшыся бэтэшнага зельля, аказаліся здольныя толькі да аднаго: «усё роўна ў іх/вас нічога ня выйдзе». Нават ня проста «ня выйдзе» ці «ў нас ня выйдзе», а «ў іх/вас» нічога ня выйдзе. Якое вытанчанае пракляцьце вычварнага бацькоўскага розуму цнатліваму, але храбраму юначаму сэрцу! Толькі ў «іх» – атрымалася. «Людзьмі звацца» – ня чыпсы зь півам травіць, тупа ўтаропіўшыся ў «скрыню». Яны, маладыя хлопцы і дзяўчаты, што выйшлі на плошчу пад страхам «сутак», змаглі забіць у сабе быдла. Што зрабіў ты, філёзаф на канапе?

Ім прыпісалі наіўнае жаданьне памайданіць. Ніхто і не заўважыў, што ноччу на вуліцы -10 і зь якой хрыпатой яны размаўляюць, як дзясяткамі яны зьнікаюць у міліцэйскіх машынах і як сама плошча становіцца Сэнацкай.

Так, Кастрычніцкая плошча так і ня стала ані Сакавіцкай, ані плошчаю Каліноўскага. Але агонь Менскай вясны запаліла менавіта яна. Цяпер многія зьедуць. І наўрад ці вернуцца празь пяць гадоў: за кардонам хранічны патрыятызм лёгка лекуецца. Дый не вяртаюцца ў Царства мёртвых, калі за сьпінай няма анікога, на каго хацелася б азірнуцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?