23 верасня суд Ленінскага раёна Гродна пераглядаў справу журналіста Андрэя Пачобута, асуджанага за «паклёп на прэзідэнта». Было прынята рашэнне вызваліць журналіста ад пакарання.

Гаворка ідзе пра рашэнне суддзі Віталя Ляцко ад 5 ліпеня 2011 г., які прызнаў Пачобута вінаватым у парушэнні ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса і пакараў трыма гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады. 20 верасня скончыўся перыяд адтэрміноўкі пакарання.

— Безумоўна, я задаволены з таго, што цяпер змагу выязджаць за мяжу і не маю ніякіх абавязкаў стала адзначацца ў міліцыі. Разам з тым, я па-ранейшаму лічу прысуд у дачыненні да сябе цалкам незаконным, — зазначыў журналіст у гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ». — Цяпер мне неабходна зрабіць візу, і я адразу ж планую наведаць рэдакцыю «Gazety Wyborczej» у Варшаве.

Паводле абвінавачання, на працягу 2010—2011 гг. Андрэй Пачобут «паклёпнічаў» на А. Лукашэнку на старонках «Gazety Wyborczеj», сайта «Белорусский партизан» і свайго блогу poczobut.livejournal.com. Аналізавалі «крымінальныя» тэксты Пачобута выкладчык-філолаг Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Аляксей Нікіценка і двое супрацоўнікаў аддзела ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама — Павел Скрабко (загадчык) і Віктар Жалезняковіч (адказны за працу са СМІ).

А. Пачобута вызвалілі ў зале суда 5 ліпеня, але пад падпіску аб нявыездзе (з 6 красавіка 2011 г. журналіста ўтрымлівалі ў следчым ізалятары Гродзенскай турмы № 1). Пачобут не прызнаў сябе вінаватым і паспрабаваў абскардзіць рашэнне суда. 20 верасня 2011 г. Гродзенскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу журналіста, і рашэнне набыло законную сілу.

Яшчэ адну крымінальную справу (паўторны паклёп на кіраўніка дзяржавы, ч. 2 арт. 367 КК РБ) завялі на Пачобута ўлетку 2012 г. У сакавіку 2013 г. справу спынілі ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях журналіста складу злачынства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?