Кебіч напісаў мэмуары і даў інтэрвію "Народнай газеце". Мяне зацікавіў сюжэт пра перамовы наконт адзінага рубля, што мелі месца ў 1993-94 гадах. Бо некалі кранаў гэту тэму, і аднойчы давялося інтэнсыўна абменьвацца думкамі ў блогу з шаноўным Сяргеем Навумчыкам.

Са слоў Кебіча, "мы ня толькі парафіравалі адпаведную дамову, але і з тагачасным старшынём Нацбанку Багданкевічам выправіліся ў Маскву на яе падпісаньне. Пачалася сустрэча. Расею прэзэнтавалі прэм'ер-міністар Чарнамырдзін і кіраўнік Цэнтрабанку Герашчанка. Але раптам нехта заходзіць і нешта шэпча Чарнамырдзіну. Расейскі прэм'ер яго выслухаў і зьвярнуўся да нас: давайце, маўляў, на хвілінку перарвемся. А потым вывеў мяне з залі ды кажа: "А ты ведаеш, што Багданкевічу дадзеная каманда не падпісваць дамову?" Для мяне гэта быў проста шок. Бо мы ж з Багданкевічам ехалі ў цягніку і гаварылі, што назад мы вернемся, як кажуць, на кані. Але, аказваецца, расейская выведка перахапіла размову, дзе Шушкевіч даў каманду дамову не падпісваць".

Прызнаюся, як журналіст я адразу навастрыўся на гэтую інтрыгоўна-рамантычную вэрсыю: патаемны пакт між галоўным банкірам і сьпікерам дзеля ўратаваньня "зайчыка", маскоўскія віжы, разгублены Чарнамырдзін і ўсё такое. Але...

Тэлефаную Багданкевічу, пераказваю Кебічавы пасажы (інтэрвію былы галоўны банкір не чытаў). Спадар Станіслаў катэгарычна адмаўляе факт нейкай змовы з Шушкевічам і адказвае цалкам празаічна:

— Гэта было маё аднаасобнае рашэньне. Я тады не займаўся палітыкай і лічыў, што Нацыянальны банк мусіць быць па-за ёй. А нязгоду з праектам пагадненьня выказаў па тых момантах, што супярэчылі нашай канстытуцыі.

Набіраю Шушкевіча і чую:

— Я ня мог даваць такога загаду Багданкевічу, бо прытрымліваўся закону. Нацыянальны банк не падпарадкоўваўся Вярхоўнаму Савету. Іншая рэч, што маё адмоўнае стаўленьне да ідэі адзінага рубля было добра вядомае. І калі гэтая пазыцыя паспрыяла таму, што пагадненьне не адбылося, то я толькі цешуся.

Карацей, калі Кебіч апісаў усё дакладна, то лягічная выснова адна: Чарнамырдзіна тады накармілі "дэзай". Зрэшты, галоўнае — вынік. "Зайчыка", дзякуй богу, у ахвяру Маскве не прынесьлі.

Калі абыходзіцца без незалежніцкай патэтыкі, то сёньняшнія дыялёгі з былым галоўным банкірам ды экс-сьпікерам для мяне паказальныя вось чым: абодва — што б пра іх ні казалі, колькі б камянёў ня кідалі — на сваіх пасадах думалі катэгорыямі праўнай дзяржавы.

Маралітэ выводзьце самі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?