Фота з Твітара Nikitka @Nikitka93.
На станцыях мінскага метро спынены рух цягнікоў. Прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведаміла ў Твітары, што каля станцыі метро «Усход» адбылося задымленне ў выніку кароткага замыкання электраправодкі. Работнікі метрапалітэна эвакуявалі людзей са станцый «Усход» і «Маскоўская», паведамляюць чытачы «Нашай Нівы». Ніхто не пацярпеў.
Збой доўжыўся прыкладна ад 12.45 да 13.15. У дадзены момант метро аднавіла сваю работу.
Спачатку ўсе падумалі, што гэта адбываецца ў межах антытэрарыстычных вучэнняў, што пачаліся ўчора. Яны супалі з пачаткам другога этапа вайсковых вучэнняў «Захад-2013», на якіх адпрацоўваецца супрацьдзеянне ўмяшанню з-за мяжы як выніку паўстання ўнутры краіны.
Па словах дзяжурных міліцыянтаў і кантралёрак, вучэнні будуць доўжыцца да 26 верасня.
Аднак МНС заверыла, што гэтым разам у тунэлі станцыі метро «Усход» адбылося рэальнае кароткае замыканне электрашчыта.
У выніку людзям давялося пацярпець нязручнасці.
Так, на станцыі «Плошча Перамогі» цягнікі не рухаліся некалькі хвілін, потым пасажырам сказалі выйсці з цягнікоў.
На станцыі «Акадэмія навук» цягніка ў бок «Кастрычніцкай» не было хвілін 10, у адваротны бок цягнік стаяў на платформе з адчыненымі дзвярыма і не рухаўся, расказвае карэспандэнт «Нашай Нівы» Юрась Ускоў. Пасля з «Акадэміі навук» ўсіх пасажыраў выгналі. На станцыю метро «Маскоўская» праехалі медыкі і пажарныя.
Нагадаем, што ўчора ў метро праводзіліся вучэнні з надглядам пасажыраў і перакрыццём станцыі «Плошча Якуба Коласа».
На станцыі метро Плошча Перамогі кантралёрка сёння сказала карэспандэнту «Нашай Нівы»: «Гэта ж наша краіна, гэта нашы гульні».
На некаторых станцыях людзі выказвалі незадаволенасць.
Зачынілі станцыю метро «Пятроўшчына», — паведамляе карэспандэнтка «Нашай Нівы» Аксана Рудовіч, — Людзей запусцілі, а потым сказалі выйсці. Узніклі пратэсты, ропат. Людзі патрабуюць вярнуць грошы за жэтоны і гудуць: «Колькі можна гэтыя вучэнні рабіць, дайце нармальна даехаць!».