«Нашы спецыялісты не ўдзельнічаюць у вучэннях. Яны датычацца МНС і МУС», — паведамілі ў Цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў Камітэта дзяржбяспекі.
Нагадаем, што ў панядзелак, 23 верасня, незразумелая сітуацыя ў метро ледзьве не выклікала паніку ў Мінску.
Станцыя «Плошча Якуба Коласа» была закрытая прыкладна каля гадзіны, яшчэ на некалькіх дзяжурылі ўзмоцненыя нарады міліцыі, медыкі, АМАП. Пры гэтым супрацоўнікі МНС і МУС устрымліваліся ад каментароў.
Афіцыйнае паведамленне пра вучэнні ў метрапалітэне з’явілася толькі ўвечары 23 верасня. Прычым прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі у той жа вечар паведаміў, што не валодае дэталёвай інфармацыяй, бо гэта «не вучэнні МНС». Хаця сп. Навіцкі і не адмаўляў таго, што выратавальнікі прысутнічалі на месцах правядзення вучэнняў.
Згодна з сайтам ГУУС Мінгарвыканкама, у метро праходзілі вучэнні праваахоўных органаў. Падкрэсліваецца, што яны адбываліся «ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных». Шараговыя міліцыянты, якія даглядаюць людзей у метро, паведамляюць, што вучэнні працягнуцца да 26-га верасня.