Фота Reuters.

Фота Reuters.

Сумесныя з Расіяй стратэгічныя манеўры «Захад-2013» прадэманстравалі новыя тэндэнцыі ў вайсковай палітыцы, мяркуюць незалежныя назіральнікі і вайсковыя адмыслоўцы, піша радыё «Свабода».

«Манэўры прайшлі пасьпяхова і прадэманстравалі, што Беларусь рыхтуецца да ўдзелу ў магчымых вайсковых канфліктах, у тым ліку за межамі Беларусі».

Пра гэта заявіў Свабодзе генэрал-маёр у адстаўцы, былы парлямэнтарый Валер Фралоў, ацэньваючы стратэгічныя манэўры «Захад-2013», якія праходзілі ў Беларусі і Расеі з 20 па 26 верасьня: «Мяркую, супрацьстаяньне Ўсход — Захад паціху пераносіцца, калі хопіць узаемаразуменьня ў эўрапейцаў і расейцаў, на лінію Поўнач — Поўдзень.

Прыйдзецца ім шукаць пункты паразуменьня, бо сапраўдная небясьпека можа ўзьнікнуць на Поўдні ад гэтак званых тэрарыстаў».

Валер Фралоў мяркуе, што апошнім часам беларускія вайскоўцы недастаткова часу праводзяць на вучэньнях, і з гэтай прычыны іх вайсковая падрыхтоўка магла істотна зьнізіцца.

Сцэнар манэўраў «Захад-2013» складаўся з вайсковых апэрацыяў супроць груп тэрарыстаў, якія нібыта праніклі на тэрыторыю саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

Паколькі кульмінацыя манэўраў праходзіла на межах з краінамі НАТО, іх прадстаўнікі ўжо выказалі занепакоенасьць тым, што Беларусь і Расея рыхтуюцца да агрэсіі. У прыватнасьці, ад кіраўніцтва Эстоніі прагучалі заявы пра адпрацоўку ўдару па Прыбалтыцы.

Беларускі аглядальнік Дзяніс Мельянцоў у магчымасьць вайсковага канфлікту Расеі і яе саюзьніцы Беларусі з Захадам ня верыць: «Кажуць пра малую імавернасьць канфлікту Расеі з Захадам, але я б яе ўвогуле адкінуў. На сёньняшні дзень і Расея, і Захад знаходзяцца ў такім стане, што непасрэднае сутыкненьне паміж імі можна цалкам выключыць.

Пра Расею сёньня нельга казаць як пра нейкі іншы полюс у зьнешняй палітыцы, які супярэчыць заходняму полюсу, як гэта было падчас халоднай вайны. На сёньня Расея хутчэй зьдзяйсьняе тое, што адзін расейскі аналітык назваў квазі-стратэгіяй, квазі-зьнешняй палітыкай, з чым я згодны».

Аглядальнік Дзяніс Мельянцоў адзначыў нашмат большую, чым на мінулых падобных манэўрах, колькасьць беларускіх войскаў, якія бралі ўдзел у манэўрах «Захад-2013», а таксама тое, што ў іх была выкарыстана разнастайная вайсковая тэхніка і сучасныя вайсковыя сродкі кшталту бесьпілётнікаў.

На думку Дзяніса Мельянцова, Беларусь імкнецца прадэманстраваць сваім партнэрам высокі ўзровень боегатоўнасьці і надзейнасьці, каб не застацца ўбаку ад актуальных тэндэнцыяў.

Якія гэта тэндэнцыі? Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін мяркуе, што манэўры «Захад-2013» насамрэч сталі адпрацоўкай магчымай кропкавай апэрацыі на поўдні.

Гэта можа быць альбо Сярэдняя Азія, дзе пасьля сыходу амэрыканскіх войскаў з Аўганістану можна чакаць абвастрэньня сытуацыі, альбо іншыя гарачыя кропкі, мяркуе Аляксандар Алесін пасьля назіраньня за манэўрамі «Захад-2013»: «І ня толькі. Вось гэтая высадка з мора, якая адбывалася пад Калінінградам, падобна, сьведчыць пра тое, што беларускі спэцназ трэніруецца для ўдзелу ў апэрацыях і на іншых вайсковых тэатрах.

То бок магчымы ўдзел разам з расейцамі ды іншымі краінамі-сябрамі АДКБ у апэрацыях у рэгіёнах, дзе ёсьць выхад да мора. Магчыма, тая ж Сырыя. Расея абяцала, што калі спатрэбіцца абараніць адмыслоўцаў, якія будуць дэзактываваць хімічную зброю, то яна пашле туды частку спэцназу.

Але з палітычнага пункту гледжаньня Расеі было б вельмі зручна, каб гэта быў ня толькі яе спэцназ, але і нейкі кантынгент зь іншых краін АДКБ, дзе Беларусь — другая па значнасьці вайсковая сіла».

А як быць з тым, што беларусы, калі яны трапяць у Сырыю, могуць быць уцягнутыя ў ваенны канфлікт у гэтай краіне? «Зьяўленьне там нейкіх войскаў магчымае толькі з санкцыі ААН. І калі санкцыя будзе, то вайскоўцы сапраўды там будуць і будуць рызыкаваць.

Сем’ям загінулых міратворцаў ААН выплачвае кампэнсацыі. Але рызыкі ніхто не пазбаўлены, тут нічога ня зьменіш», — кажа аглядальнік Аляксандар Алесін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?