Сёння спаўняецца 75 гадоў Мечыславу Грыбу, пад старшынствам якога Вярхоўны Савет 15 сакавіка 1994 года прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Мечыслаў Грыб нарадзіўся ў вёсцы Савічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў Ільвоўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Генерал-лейтэнант міліцыі. Заслужаны юрыст Беларусі.

У 1981–1985 гадах працаваў начальнікам упраўлення аховы грамадскага парадку МУС БССР, 1985–1990 гадах — начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.

У 1990–1996 гадах — дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў. На працягу двух гадоў з’яўляўся старшынёй парламента.

Цяпер з’яўляецца генеральным сакратаром Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), у якую ўступіў у чэрвені 1996 года.

Сваё 75-годдзе Грыб збіраецца сустрэць на дачы. «Нейкіх асаблівых традыцый пры святкаванні дзён нараджэнняў у нас няма, — расказаў ён БелаПАН. — Проста збяруцца блізкія сваякі — дзеці, унукі, брат, сястра, прыедуць некалькі сяброў. Пасядзім, паабедаем, выкажам, што адзін пра другога думаем».

«Самае галоўнае ў жыцці ў маім узросце — сям’я. На жаль, жонка ўжо памерла. Але ёсць дзеці, унукі — трэба быць бліжэй да іх», — сказаў Мячыслаў Грыб.

Сыходзіць з радоў БСДП (Грамада) ён не збіраецца. «Буду вопыт і веды аддаваць справе сацыял-дэмакратыі», — падкрэсліў Грыб.

Юбіляр адзначыў, што ад палітыкі, «вядома, як і напэўна ўсе прадстаўнікі апазіцыі, стаміўся». «Амаль 20 гадоў не вельмі паспяховай барацьбы, амаль без перамог — стамляешся маральна і фізічна. Але я не думаю пакідаць сваю партыю, у нас гэта не прынята. З нашай партыі па ўзросце ніхто не выходзіць», — сказаў ён.

Грыб лічыць, што для перамогі апазіцыі не хапае шмат складальнікаў. «Па-першае, апазіцыі не хапае імкнення да аб'яднання. Пра яго кажуць усе, але калі рэальна стаіць пытанне аб’ядноўвацца, то ў кожнага знаходзяцца свае меркантыльныя інтарэсы. Мы ўжо гэтулькі гадоў гаворым пра аб’яднанне сацыял-дэмакратычных партый і рухаў, быццам бы ўсе „за“, але ўсе жадаюць, каб аб’яднанне было пад іх кіраўніцтвам, а не іншых», — сказаў ён.

Па-другое, прадоўжыў юбіляр, у апазіцыі пакуль не наладжаны добрыя сувязі з народам. «У гэтым віна не толькі самой апазіцыі. Улада робіць усё, каб прадстаўнікі апазіцыйных партый не мелі магчымасцяў нармальна кантактаваць з народам, дзяржаўныя СМІ для нас закрытыя. І самае галоўнае, у нас мажарытарная выбарчая сістэма, якая вельмі моцна тармозіць развіццё партый», — лічыць ён.

Як грамадзянін і палітык Грыб хацеў бы бачыць Беларусь свабоднай і дэмакратычнай дзяржавай з нейтральным статусам. «Хацелася б, каб Беларусь не ўмешвалася ні ў якія канфлікты, ні з кім не ваявала. Я супраць усіх ваенных блокаў, ніколі яны нам за ўсю гісторыю нічога добрага не прыносілі», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?