Журналістка, рэдактарка і тэлевядучая Рыта Мілюце (Rita Miliute) зойме пасаду кіраўніка eMediaHub – сучаснага медыяцэнтра Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). Рыта Мілюце прыйшла працаваць у ЕГУ з Літоўскай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, дзе была вядучай штотыднёвай праграмы «Teise zinoti (Права ведаць)».

На пасадзе кіраўніка eMediaHub ЕГУ Мілюце будзе займацца кіраваннем, пашырэннем абсягу прапанаваных адукацыйных праграм і выхадам на больш шырокую аўдыторыю. Медыялабараторыя, заснаваная ў 2010 годзе пры падтрымцы «BBC World Trust», Еўракамісіі і «IREX Europe», складаецца з абсталяваных па апошнім слове тэхнікі тэле- і радыёстудый. Лабараторыя прапануе студэнтам унікальную прастору для засваення перадавых медыятэхналогій праз практычна арыентаваныя адукацыйныя праграмы.

«Цягам маёй кар’еры мне пашчасціла працаваць з прафесіяналамі і лідарамі ў галіне медыяў. Я вельмі чакаю магчымасці падзяліцца гэтым каштоўным досведам са студэнтамі ЕГУ», – сказала Мілюце.

Рыта Мілюце – дасведчаная журналістка і медыяменеджар. Працавала намесніцай генеральнага дырэктара і кіраўніцай аддзела тэлебачання Літоўскай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі (LRT). Узначальвала службы навінаў радыёстанцыі M-1 і канала LNK TV — другой па значнасці тэлекампаніі Літвы. Скончыла факультэт камунікацыі Віленскага ўніверсітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0