Белдзяржуніверсітэт плануе да 1 снежня завяршыць аптымізацыю штатнай колькасці работнікаў і прывесці яе ў адпаведнасць з тыпавымі нормамі, прынятымі Міністэрствам адукацыі. Аб гэтым паведаміў рэктар ВНУ Сяргей Абламейка 30 верасня на пашыраным пасяджэнні Савета БДУ.

Нагадаем, пастановай Мінадукацыі № 43 ад 10 ліпеня 2013 года ў Беларусі ўпершыню зацверджаны тыпавыя штаты для вышэйшых навучальных устаноў. Штатная колькасць служачых ВНУ цяпер будзе вызначацца зыходзячы з колькасці студэнтаў па стане на 1 студзеня і нарматыву. Так, для тэхнічных спецыяльнасцей устаноўлены нарматыў 8,5 студэнта на аднаго служачага, для гуманітарных — 12 да аднаго.

Як адзначыў Абламейка, БДУ «адрозніваецца ад тыпавога ўніверсітэта». «У нас вельмі шмат розных цэнтраў, лабараторый і іншых унікальных структур, якія знаходзяцца за межамі тыпавога ўніверсітэта», — падкрэсліў ён. Паводле слоў рэктара, вядзецца работа з Мінадукацыі аб увядзенні работнікаў гэтых структур у штат універсітэта. 

Абламейка адзначыў, што цяпер вырашаецца пытанне аб памяншэнні колькасці вучэбных лабараторый шляхам іх аб`яднання. «У нас амаль на кожнай кафедры ёсць лабараторыі, у якіх часта працуе загадчык і яшчэ адзін-два чалавекі, і колькасць кіруючых работнікаў неабходна скараціць», — патлумачыў ён. Згодна з тыпавым штатам, іх колькасць не павінна перавышаць 20%, адзначыў рэктар, аднак гэты паказчык вышэйшы, і цяпер ідзе праца па яго скарачэнні. 

Акрамя таго, адзначыў Абламейка, Мінадукацыі запатрабавала скарачэння колькасці штатных адзінак метадыстаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?