На гэтым тыдні пачнецца падключэнне ацяплення ў жылым фондзе Мінска. 

Як паведамілі ў прэс-службе Мінгарвыканкама, аб гэтым заявіў 30 верасня на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Дзмітрый Янчык.

Паводле яго слоў, жылы фонд будуць падключаць паэтапна — на працягу пяці дзён (па 20% штодзённа). Затым настане чарга трэцяй групы спажыўцоў цяпла — гэта адміністрацыйныя і прамысловыя будынкі. 

«У ходзе падключэння спажыўцоў да цяпла магчымае ўтварэнне паветраных пробак у сістэме ацяплення, таму створаны спецыяльныя брыгады, якія пракантралююць падачу цяпла і ўстараняць непаладкі, — праінфармаваў Янчык.

— У першыя 10 дзён ацяпляльная сістэма будзе працаваць пры максімальным тэмпературным рэжыме. Магчыма, дзесьці батарэі будуць занадта гарачымі. Гэта не ператопы, а тэхналагічная неабходнасць, звязаная з наладкай сістэмы». 

«Калі ж сярэднясутачная тэмпература на працягу пяці дзён будзе перавышаць плюс 10 градусаў, то кацельныя пяройдуць на рэжым прапальвання», — сказаў спецыяліст. 

Згодна з прагнозамі сіноптыкаў, халоднае надвор'е захаваецца ў сталіцы на працягу ўсяго гэтага тыдня. Сёння пайшлі ўжо шостыя суткі, калі сярэднясутачная тэмпература паветра ніжэй плюс 8 градусаў. 

Летась ацяпленне ў жылых дамах Мінска пачалі ўключаць 13 кастрычніка. 

З 30 верасня гэтага года пачалося падключэнне ацяплення ў дзіцячых дашкольных установах, школьных, лячэбна-прафілактычных, медыцынскіх установах, установах сацыяльнага забеспячэння, музеях, дзяржаўных архівах і бібліятэках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?