Інцыдэнт, які прымусіў Хамратава падаць у суд, адбыўся 9 мая ў лесапарку каля Палаца гімнастыкі. Паводле пазоўніка, ён разам з прыяцелем Аляксандрам Аўдзеевым купіў на разліў у адной з крамаў літр хлебнага квасу за 9000 рублёў. Напой быў наліты ў пластыкавую бутэльку без якіх-небудзь этыкетак. Ідучы назад, яны спыніліся ў лесапарку, каб выпіць квасу.

«Практычна адразу да нас падышлі двое супрацоўнікаў міліцыі, якія чамусьці вырашылі, што мы п'ем піва.

Адзін з іх, не прадставіўшыся, узяў нашу адкрытую бутэльку квасу і выліў з яе змесціва, а бутэльку выкінуў», - сказаў Хамратаў, адзначыўшы, што такі ўчынак мог быць абумоўлены толькі «пачуццём ўсёдазволенасці і абсалютнай беспакаранасці за свае дзеянні».

Пасля таго як міліцыянты сышлі, прыяцелі адправіліся ў апорны пункт міліцыі, дзе Хамратаў падаў скаргу на дзеянні праваахоўнікаў. Заяўнік запатрабаваў кампенсацыі шкоды, якую ён ацаніў у 4,5 тысячы рублёў. Пасля атрымання адказу з Ленінскага РАУС, дзе дзеянні міліцыянта былі прызнаныя правамернымі, Хамратаў падаў пазоў у суд.

Прысутны на паседжанні адзін з удзельнікаў інцыдэнту Аляксандр Несцярэнка, вайсковец унутраных войскаў, які 9 мая выконваў функцыі супрацоўніка ППС, заявіў, што Хамратаў груба з ім размаўляў, нягледзячы на ветлівае прадстаўленне, а таксама наяўнасць бэйджа з фатаграфіяй і яго дадзенымі.

Вайсковец-кантрактнік пазову не прызнаў.

Ён адзначыў, што ў лесапарку каля Хамратава з Аўдзеевым стаяла пластыкавая бутэлька з этыкеткай піва, якую тыя не прызналі сваёй. Паводле словаў Несцярэнкі, каб піва не даставалася нікому, у прыватнасці дзецям, ён штурхнуў нагой бутэльку, і яе змесціва вылілася. Пасля гэтага Несцярэнка з напарнікам былі вымушаныя тэрмінова сысці, бо па рацыі ім паведамілі пра бойку недалёка ад месца іх знаходжання.

Прадстаўнік вайсковай часткі Сяргей Шабурко таксама не прызнаў пазову, заявіўшы, што Хамратаў негатыўна ставіцца да міліцыі і выказвае непавагу да органаў унутраных справаў. На думку Шабурко, пазоў Хамратава няслушны і задавальненню не падлягае. Ён таксама паведаміў, што матэрыялы па сведчаннях Хамратава накіраваныя ў Следчы камітэт, аднак вынікі праверкі яму пакуль не прыйшлі.

У сваю чаргу Аляксандр Аўдзееў, які выступіў на судзе ў якасці сведкі, заявіў, што Несцярэнка не прадстаўляўся і дэманстратыўна выліў квас з бутэлькі, вырашыўшы, што ў ёй знаходзілася піва. Пра тое, што ў бутэльцы квас, яны нават не паспелі паведаміць міліцыянтам, бо ўсё адбылося вельмі хутка, і такія паводзіны праваахоўнікаў вельмі абурылі яго.

У працэсе судовага разгляду Хамратаў заявіў аб неабходнасці прыцягнення Несцярэнкі да адміністрацыйнай адказнасці таксама за парушэнне экалагічнай бяспекі Магілёва, бо адказчык кінуў у лесапарку бутэльку, з якой выліў змесціва.

Наступнае паседжанне суда прызначанае на 17 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?