У Беларусі будзе скарочаны час пераносу абаненцкага нумара з трох сутак да 24 гадзін, паведамляе БелаПАН.

Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 843 ад 26 верасня 2013 года, паведаміла прэс-служба ўрада.

«У мэтах стымулявання развіцця паслугі пераноснасці нумара і спрашчэння працэдуры яе аказання, а таксама павышэння прастаты і зручнасці яе атрымання абанентам у правілы аказання паслуг электрасувязі ўносяцца змены, якія прадугледжваюць, што для атрымання паслугі пераноснасці абаненцкага нумара (нумароў) абанент звяртаецца непасрэдна да аператара-рэцыпіента, гэта значыць аператара, у якога плануецца абслугоўвацца ў далейшым», — зазначылі ў прэс-службе.

Апрача таго, прадугледжваецца, што тэрмін пераносу абаненцкага нумара не можа перавышаць 24 гадзін з моманту афармлення запыту аб аказанні паслугі пераносу абаненцкага нумара (нумароў) сотавай рухомай электрасувязі ў базу даных перанесеных нумароў.

Таксама «ў мэтах забеспячэння належнай якасці паслуг, якасці працы сеткі і абслугоўвання абанентаў правілы аказання паслуг электрасувязі дапоўнены асобнымі пунктамі, што прадугледжваюць замацаванне непасрэдна ў дагаворах з абанентам патрабаванняў да якасці паслуг перадачы даных, што аказваюцца шляхам тэхналогій стацыянарнага шырокапалоснага доступу».

Апрача таго, устанаўліваецца абавязак аператара электрасувязі па іх пастаянным кантролі і давядзенні да ведама абанентаў з дапамогай публікацыі на сваім інтэрнэт-сайце.

Пры гэтым у мэтах стварэння дадатковых умоў для рэалізацыі абанентамі правоў, прадугледжаных законам «Аб абароне правоў спажыўцоў», што тычацца якасці паслуг, правіламі прадугледжана стварэнне спецыялізаванага інфармацыйнага рэсурсу, з дапамогай якога абанент мае права ў перыяд дзеяння дагавору аб аказанні паслуг перадачы даных ацаніць якасць аказання паслуг перадачы даных на адпаведнасць іх параметрам і паказчыкам, што згаданыя ў дагаворы.

У выпадку неабходнасці абанент мае магчымасць атрымаць неабходнае экспертнае заключэнне, якое будзе з'яўляецца падставай для прыняцця кампетэнтнымі органамі рашэння пры ацэнцы выканання бакамі ўмоў дагавору і выканання патрабаванняў па якасці паслуг перадачы даных.

Дакументам прадугледжана норма аб абавязку аператараў электрасувязі па своечасовым інфармаванні абанентаў на сваім афіцыйным інтэрнэт-сайце і (або) ў сродках масавай інфармацыі аб буйных аварыях і спыненнях, іх прычынах і меркаваных тэрмінах ліквідацыі, а таксама аб правядзенні планавых рамонтных работ на эксплуатаваных сетках электрасувязі не пазней чым за суткі да іх правядзення, тэрмінах іх заканчэння, адключэннях эксплуатаванай сеткі электрасувязі або яе сегментаў, што вядуць да спынення (прыпынення) аказання паслуг электрасувязі абанентам і карыстальнікам, якія знаходзяцца ў зоне яе абслугоўвання.

Пастанова ўваходзіць у сілу праз шэсць месяцаў з дня яе афіцыйнага апублікавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?