Праз качавы лад жыцця і спецыфіку абраных свабодных прафесій я быў адораны магчымасцю стасавацца са шмат якімі замежнымі сябрамі з гуманітарнай адукацыяй, не ніжэйшай за магістра.

Частка з іх працавала ці працуе ў Беларусі, частка бывала ў нас, а ёсць і такія, якія ніколі не ўязджалі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, але ўвесь час працуюць з беларусамі за мяжой. Ад усіх гэтых мілых майму сэрцу людзей я чую дасціпныя назіранні за тым, што такое мы з вамі. Вырашыў падсумаваць іх і выкласці адным тэкстам. Ці пазнаеце вы сябе тут?

Беларусь гэта краіна пластыкавых кветак. Пластыкавыя кветкі паўсюль — на могілках, у крамах, нават у кавярнях! Навошта яны? Гэта агідна і безгустоўна! У нас на могілкі родным нясуць выключна жывыя кветкі. А калі яны вянуць — мяняюць на новыя.

Улюбёная прымаўка беларуса «Усё будзе добра». Чым часцей беларус кажа «ўсё будзе добра», тым болей ён упэўнены, што хутка настане поўны амбец.

Беларусы жывуць у недабудаваных дамах. Беларускія дэвелаперы і будаўнікі ўжо навучыліся карыстацца таннымі нямецкімі пенаблокамі для будоўлі, ведаюць, як сэканоміць на аздабленні лесвічных пляцовак керамзітавымі (ці чорт яго ведае, як яны называюцца) модулямі. АЛЕ! У Германіі паўзверх гэтых пліт у новабудоўлях насцілаюць гумавую субстанцыю, каб ногі не слізгалі. У Беларусі ж эканомяць. Кватэра ў новабудоўлі выглядае так, як ніколі б не выглядала за мяжой: няма міжпакаёвых дзвярэй, плінтусаў і інш.

У Беларусі няма тлустых людзей. Наогул няма! (Я сам прыпух, калі пачуў гэтую тэзу. З аднаго боку, тут не пабачыш тых, хто важыць болей за 150 кг, але шмат, вельмі шмат мужчын з вагой каля 100 кг! Дык згодныя вы з тым, што Беларусь — край хударлявых?)

Беларус заўсёды кажа «я думаю, што». Ён ніколі не скажа «я адчуваю, што». Выразаў кшталту «I feel that it would be better» проста бракуе моўнай структуры Беларусі. Праз гэта беларусы па жыцці выключна рацыянальныя, сур’ёзныя. Яны адмаўляюць свету сваіх пачуццяў у існаванні.

На дарогах Беларусі амаль усе ездзяць без перагазовак, павольна і млява разганяюцца. Можа быць, гэта звязана з прагай эканоміць паліва? Але паліва ў Беларусі значна таннейшае, чым у нас, у Еўропе!

Стандартная манера язды беларусаў — гэта калі на трох палосах у горадзе тры аўтамабілі рухаюцца з адной і той жа хуткасцю, 69 км у гадзіну. Гэта проста прыводзіць у шаленства! Калі беларусу тлумачыш, што так рабіць нельга, ён цытуе нейкі пункт правіл дарожнага руху, што ў горадзе крайні левы бок неабавязкова пакідаць для апярэджання.

Цэны ў беларускіх кавярнях супастаўляльныя з цэнамі ў Парыжы і Рыме, але пакуль не дацягваюць да цэнаў у Токіа. Але яны працягваюць павышацца.

Беларусы жывуць у вельмі дрэнных кватэрах, якімі да таго ж ганарацца. Стандартны варыянт для Мінска — двухпакаёўка, якая называецца двухпакаёўкай не таму, што там дзве спальні (як кажуць звычайна ў Іспаніі, ЗША і іншых краінах), а таму, што там наогул толькі два пакоі плюс кухня. У Мінску людзі з гонарам запрашаюць у сваё жытло ў шматпавярховых панэльных дамах, якія ў Гамбургу ці Берліне месціліся б выключна ў бедных гета. Пры гэтым беларусы кажуць, што гэтае іх страшэннае жытло, 50-60 метраў, два пакоі, адна спальня, каштуе каля $100 тыс., але, мабыць, мы іх ці то не зразумелі, ці яны з нас кпілі. За гэтыя грошы можна прыдбаць неблагі дом у Штатах.

Беларус аточаны сарака сантыметрамі «зоны камфорту». У гэтую зону ні ў якім разе нельга ўваходзіць. Рэмарка ад аўтара: аднойчы ў Калінінградзе я плаваў у басейне з адной заходняй прафесаркай. Вакол нас плюхаліся рускія дзеткі. Яны заміналі прафесарцы, бо ўвесь час натыкаліся на яе. Калі яна выйшла з басейна, яна агучыла антрапалагічнае назіранне: рускія дзеткі — як тыя кацяняты. Яны хіляцца да чалавека, імкнуцца да кантакту. Што цалкам выключана на Захадзе, бо там ёсць этычная забарона на дотык. Але з беларусамі ўсё нашмат цікавей. Яны ідуць яшчэ далей за заходнікаў. Яны лічаць, што неэтычна не толькі кранаць адно аднаго (падчас размовы ці вось так — у басейне). Яны лічаць, што нават набліжацца адно да аднаго падчас размовы дрэнна! Паспрабуй абняць беларуса на развітанне, як гэта робяць шмат якія нацыянальнасці, — і атрымаеш падазрэнне ў сэксуальных заляцаннях. Ніколі не парушайце мяжу ў 40 сантыметраў!

Беларускія дзяўчаты вельмі легкаверныя.

Беларускія дзяўчаты вельмі лёгкадаступныя. Але яны лёгкадаступныя не праз уласную разбэшчанасць, а выключна праз тое, што яны вельмі легкаверныя. Скажы ім, што ты ўладальнік буйнога гіпермаркета ў Стамбуле і прыехаў сюды ў пошуках жонкі — і гэтага ім дастаткова. Яны вераць у каханне з першага позірку і пойдуць з табой у рэстаран гатэля, хаця ў шмат якіх краінах проста за прапанову зайсці ў гатэль з чалавекам, якога бачыш першы раз у жыцці, можна атрымаць па мардасах.

У Мінску ніхто не размаўляе па-англійску. Наогул ніхто. Ні сталыя, ні маладыя. Пытанне «ду ю спік інгліш?» звычайна выклікае сарамлівую ўсмешку (калі людзей некалькі — гучны смех, які, па шчырасці, палохае).

Калі беларус хоча адмовіць, ён не кажа «не», ён кажа «трэба падумаць». Калі беларус сказаў «не», гэта значыць, што ён вагаецца ці какетнічае. Калі вы чуеце гэтае «трэба падумаць», значыць, усё: ён прыняў рашэнне і яго не пераўпэўніць. Беларус абаронены гэтым «трэба падумаць», бо з «трэба падумаць» немагчыма спрачацца. «Не» можна аспрэчваць, «трэба падумаць» канстатуе выключна неабходнасць узважыць аргументы. Хаця ўсё даўно ўжо ўзважана і рашэнне прынятае.

У сферы абслугоўвання працуюць 50-гадовыя цёткі з экзатычнымі фрызурамі. У любой іншай краіне свету яны б не дайшлі нават да інтэрв’ю з працадаўцам, былі б адсеяныя проста па фотцы на рэзюме. Чаму не звольняць гэтых фурый? Чаму не набяруць 20-гадовых юнакоў? Чаму яны дагэтуль палохаюць людзей ў гатэлях? Можа быць, гэта праз тое, што яны ўладкоўваюцца на працу па хабары ці сувязях?

Звычайна калі сварацца два беларусы, яны кажуць: «Ты зрабіў тое, а я зрабіла тое. А ты тады зрабіў тое». А ў іншых краінах сваркі выглядаюць так: «Ты мяне моцна пакрыўдзіў тым, што зрабіў. Мне стала балюча, таму я зрабіла табе крыўдна». Але маркеры пачуццяў цалкам выключаныя з мовы беларусаў. Іх сварка — гэта менавіта механістычнае паўтарэнне таго, хто што зрабіў, а не разбор гэтага з пункту гледжання эмоцый ці рухаў душы. Наогул беларусы часцяком паводзяць сябе як робаты, але насамрэч у іх у сэрцы кіпіць прыхаваная энергія, якая выходзіць толькі тады, калі беларус выпівае. Менавіта ў гэтай прыхаванай энергіі можна пабачыць пэўны патэнцыял на будучыню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?