ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заклікала расійскія ўлады вызваліць фатографа Дзяніса Сінякова, паведамляе БелаПАН.

Пад адпаведным зваротам падпісаліся больш чым 70 беларускіх журналістаў.

2 кастрычніка прадстаўнікі БАЖ паспрабавалі перадаць гэты зварот прадстаўнікам пасольства Расіі ў Беларусі, аднак, як паведамляе прэс-служба арганізацыі, яго адмовіліся прыняць, і парэкамендавалі прыслаць дакумент па пошце.

БАЖ выказала шкадаванне, што «меркаванне вядомых беларускіх журналістаў не зацікавіла афіцыйных прадстаўнікоў пасольства РФ», і выказала надзею на найхутчэйшае вызваленне Сінякова.

У сваю чаргу саветнік пасольства Расіі Уладзімір Марчукоў, які зносіўся з прадстаўнікамі БАЖ, сказаў у гэтай сувязі БелаПАН, што ўся карэспандэнцыя прымаецца ў пасольства «афіцыйным шляхам па пошце».

«Чым БАЖ адрозніваецца ад органаў дзяржаўнай улады або іншых пасольстваў? Усе прысылаюць поштай. Калі прыйдзе гэты зварот. ён будзе афіцыйна зарэгістраваны», — адзначыў дыпламат.

Фатограф Дзяніс Сінякоў быў затрыманы 19 верасня, калі здымаў акцыю актывістаў «Грынпіс» у Пячэрскім моры.

Экіпаж судна Arctic Sunrise спрабаваў замацаваць на нафтавай платформе «Прыразломная» плакат у знак пратэсту супраць здабычы вуглевадародаў у Арктыцы.

У «Грынпіс» сцвярджаюць, што знаходзіліся ў міжнародных водах і ў 500-метровую зону вакол платформы не ўваходзілі. На борце затрыманага судна знаходзілася 30 чалавек з 19 краін.

Па рашэнні Ленінскага раённага суда Мурманска ўсе яны, у тым ліку Сінякоў, узятыя пад варту да 24 лістапада. Следчы камітэт Расіі распачаў крымінальную справу па артыкуле «пірацтва, учыненае арганізаванай групай».

Цяпер Сінякову пагражае тэрмін да 15 гадоў па артыкуле «пірацтва». Арганізатары акцыі ўжо заявілі, што фатограф не павінен несці адказнасць за тое, што ён здымае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?