Мінулай ноччу п'яны мужчына вырашыў праскочыць перакрыжаванне на чырвоны сігнал святлафора, паведамляе сайт ДАІ Гродна і Гродзенскай вобласці.

У гэты момант на зялёны сігнал ехалі два аўтамабілі. Адзін з іх, «Форд», вырваўся наперад і атрымаў у бок моцны ўдар. Аўто раскруціла і яно ўдарылася ў асвятляльную мачту.

У легкавіку спрацавалі пяць падушак бяспекі, кіроўца не пацярпеў. Не атрымаў пашкоджанняў і віноўнік аварыі.

«Як апынуўся на скрыжаванні вуліцы Белуша і праспекта Кляцкова, і як адбылося ДТЗ, я не памятаю, бо засынаў за рулём», — напісаў у тлумачэнні парушальнік.

Затое не забыўся, што пры сустрэчы з сябрамі выпіў 100 грамаў гарэлкі, столькі ж віна і паўлітра піва.

Утрыманне алкаголю ў яго арганізме амаль у шэсць разоў перавысіла дапушчальнае. Парушальнік да аварыі быў пазбаўлены права кіравання.

«Герой» другой гісторыі — кіроўца, якога шосты раз затрымалі нецвярозым за рулём. Гэта здарылася 1 кастрычніка 2013.

Ён быў пазбаўлены права кіравання да канца жніўня 2016 года, паўтара месяца таму быў ізноў затрыманы п’яным, за што быў пакараны штрафам у памеры 3,5 млн руб.

Пасля апошняга затрымання на яго завядуць крымінальную справу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0