…Як вядома кожнаму свядомаму беларусу, цягнік 371 «Магілёў—Чарнаўцы» прыбывае ў Львоў а 5.52 раніцы. У тую цёмную раніцу над Львовам шумела залева. Цягнучы за сабой валізу на колах, я выйшла на прывакзальную плошчу «міста». Мяне чакалі тры дні ўдзелу ў Форуме выдаўцоў у Львове.

Выдавецтва «Урбіно» і «Рибгород»

Чатыры паверхі Палаца мастацтваў, пляцоўка ў двары, рады палатак на праспекце Свабоды запоўненыя кнігамі самых розных украінскіх выдавецтваў. Уваход на кірмаш — платны, але людзей — не ўшчаміцца.

Гэта я ўжо назіраю за жыццём Форуму са стэнда львоўскага выдавецтва «Урбіно», якое толькі што выдала ўкраінскі пераклад майго рамана — па­ўкраінску ён гучыць як «Рибгород».

«Ну добра, купілі. А як цяпер месяц жыць будзем?» — пытаецца адзін сябра ­студэнт другога, узважваючы на руцэ ладны пакет з кнігамі. Але неяк жа пражывуць!

«Дайце дэтэктыў Краеўскага, той, дзе дзеянне ў Львове адбываецца!» — патрабуе курсант школы міліцыі ў форме і, атрымаўшы патрэбнае, страявым крокам адыходзіць.

І негры гавораць

«Дзе ёсць тут выдавецтва Кіеўскага політэхнічнага?» — з акцэнтам пытаецца адзін з групы маладых неграў.

Тут я ўжо не вытрымліваю. За гэтыя дні я заўважыла, што зараз у Львове рускую мову можна пачуць толькі ад турыстаў.

«Так, у нас і негры гавораць! — смяецца ў адказ на мае акругленыя вочы Анатоль Іўчанка, уласнік выдавецтва «Урбіно». — Гэта замежныя студэнты. Яны вучацца тут, і, натуральна, вучацца па­ўкраінску».

«Наталко, підпышы!»

З прастрацыі мяне выводзіць патрабавальны голас Анатоля: «Наталко, підпышы!» — гэта значыць, яшчэ адзін наведвальнік набыў асобнік «Рыбгороду», і я маю паставіць аўтограф.

Шчыра кажучы, я не вельмі спадзявалася на ажыятаж у адносінах да маёй кнігі — ці шмат каго ва Украіне цікавіць беларуская літаратура? Але, на маё здзіўленне, яе досыць актыўна купляюць. На Форуме прадалося 130 асобнікаў.

Украінцы, рэальна, чытаючая нацыя. Яны цікавяцца навінкамі.

Жонка перакладае, муж выдае

Выдавецтва «Урбіно» — маладое, яго толькі нядаўна стварылі муж і жонка, Анатоль Іўчанка і Бажэна Антаняк. Яно спецыялізуецца на перакладной літаратуры, найчасцей польскай. Жонка перакладае, муж выдае.

Выдаюць кнігі для падлеткаў — Іаана Ягела, Барбара Касмоўская, дэтэктывы — Марэк Краеўскі, Зігмунд Мілашэўскі. Ну і прымкнуўшую да іх Бабіну.

«Разумееш, мы перакладчыкі. Перакладалі кнігі, якія сапраўды цудоўныя. Але надакучыла хадзіць па выдавецтвах, угаворваць выдаць тую ці іншую кнігу.

Гэта так цяжка — пераканаць выдаўца! І мы вырашылі стварыць сваё выдавецтва, каб выдаваць тое, што нам цікава», — тлумачыць Бажэна.

Цяпер у выдавецтва «Урбіно» ужо ёсць свае сталыя чытачы, якія сочаць за навінкамі і давяраюць густу выдаўцоў.

Калі Анатоль рэкламуе маю кнігу, пакупнікі час ад часу пытаюцца ў яго: «А хто перакладаў, Бажэна Антаняк? Тады давайце».

Камерцыя і культура

Кніжкі на Форуме нятанныя (усё астатняе ва Украіне трохі таннейшае, чым у нас: і ежа, і вопратка). Мая кніга, напрыклад, — 268 старонак, цвёрдая вокладка — каштуе 40 грывен, на нашы грошы — 45 тысяч.

Да слова, грыўна — стабільная нацыянальная валюта, курс якой на працягу пяцігоддзя не мяняўся.

На што яшчэ мімаволі звярнула ўвагу — тут сярод выдаўцоў і аўтараў не прынята, як у нас, дарыць адно аднаму кнігі, якія выйшлі. Трэба табе нешта — набывай. Такая прыкмета камерцыялізацыі культуры, якая, аднак, не выклікае адпрэчвання.

Корпус украінскіх інтэлектуалаў

Пра Яраслава Грыцака я шмат чула. Ягоная кніга «Прарок у сваёй Айчыне: Іван Франко і ягоная супольнасць» выдатная. Грыцак — геніяльны гісторык.

І вось я маю нагоду пазнаёміцца асабіста: ён мадэратар дыскусіі «Жанчына у гісторыі і гісторыя жанчыны», у якой бяру ўдзел і я.

Люстраная зала палацу Патоцкіх, дзе праходзіць дыскусія, перапоўненая.

Калі слова даюць мне, я пачынаю з таго, што прашу дазволу гаварыць са спадарствам па­беларуску — і зала адразу ўспыхвае апладысментамі. І гэта так кранальна, што я імгненна супакойваюся.

Грыцак сярэдняга росту, смуглявы, прыгожы, валасы, як соллю, прысыпаныя сівізной і адкінутыя нібы ветрам. Ён мае спакойныя манеры і вельмі прыемны мяккі голас. А ў левым вуху яго — маленькая срэбная завушніца… У ім адчуваецца глыбіня ведаў і выдатнае пачуццё гумару.

— Як Вы ставіцеся да фемінізму? — гучыць пытанне з залы.

— На кожны «…ізм» ёсць свой» …азм», — адказвае пан Яраслаў. — Да фемінізму стаўлюся добра, пакуль ён у феміназм не пераходзіць.

Па заканчэнні імпрэзы перадаю пану Яраславу вітанні ад тых беларускіх нацыяналістаў, у каго ягоная кніга ляжыць на стале побач з Бібліяй.

— Лепшага кампліменту Вы мне не маглі б сказаць, — сардэчна адказвае ён.

Украінскіх інтэлектуалаў хочацца аб'яднаць словам «корпус». Корпус — як армейская адзінка і як сукупнасць тэкстаў. Корпус, намаганні якога ўліліся магутнай плынню ў агульную ўкраінскую перамогу.

Марыя Маціос

Гэтая жанчына таксама спрычынілася да ўкраінскай перамогі.

Марыя Маціос, бясспрэчна, самая папулярная ўкраінская пісьменніца. Яе кнігі выдаюцца вялізнымі накладамі. Акрамя таго, яна народны дэпутат, правая рука лідара партыі «Удар», баксёра Віталя Клічко (прабачце за нявольны каламбур).

Наталка Бабіна (справа) і пісьменніца, дэпутатка Вярхоўнай Рады Украіны Марыя Маціос.

Наталка Бабіна (справа) і пісьменніца, дэпутатка Вярхоўнай Рады Украіны Марыя Маціос.

Гэта сапраўдная нацыянальная пісьменніца, ікона.

Варта ёй з'явіцца на стэндзе выдавецтва «Піраміда», якое выдае яе кніжкі, як там імгненна выстройваюцца даўжэзныя чэргі за аўтографам.

Марыя Маціос — сапраўдная каралева ўкраінскай літаратуры, узор пісьменніка, які служыць свайму народу і сваёй нацыянальнай ідэі. Яе кнігі выдаюцца па ўсім свеце, але піша яна, безумоўна, толькі для ўкраінцаў. Для сваіх 40 мільёнаў.

«І я далей буду даследаваць наша ўкраінскае пекла, нашу трагічную гісторыю», — гаворыць яна ўпарта.

Макіяж, прычоска з чорных, як воран, валасоў, густоўнае і моднае адзенне ў чорных жа колерах (да слова, мода ва Украіне таксама мае выразныя нацыянальныя рысы) — усё складаецца ў адзін бездакорны вобраз. «Гуцулка до мозку кісток», — гаворыць яна пра сябе, і, відочна, яе чытачы цэняць гэта.

Вось, да слова, былы наш Сяргей Дарафееў гаворыць з ёй у сваёй перадачы на ўкраінскім канале.

На Форуме яна прадстаўляе новую сваю кнігу — «Чаравічкі Божай маці». Гэта пранізлівая гісторыя пра сямігадовую дзяўчынку, якая адбываецца ў чэрвені 1941 года — у час масавых дэпартацый украінцаў.

«Чаравічкі…» варта было б перакласці на беларускую.

…Да мяне пані Маціос некалькі разоў звярталася — «дытыно!» І я, малодшая толькі на 7 гадоў, 47­гадовая маці трох дзяцей, не крыўдавала, але адчувала спакой дзіцяці, над якім арліцай крыяе маці, галава роду…

Помнік мяне не цікавіць

Арганізацыяй Львоўскага форуму ўсе гэтыя гады займаецца некамерцыйны фонд «Форум выдаўцоў у Львове». А бяззменны кіраўнік гэтага фонду — пані Аляксандра Каваль.

Форум — грандыёзная для ўкра­інскай культуры з’ява.

Калі я сказала гэта гранічна стомленай у апошні дзень Форуму пані Аляксандры і выказала думку, што ўкраінцы маюць паставіць пані Каваль прыжыццёвы помнік за ўсё, што на працягу гэтых дваццаці гадоў яна зрабіла для украінскай культуры і дзяржавы, яна адказала, што «помнікі і граматы мяне не цікавяць. А вось грошай для арганізацыі наступнага Форуму мне патрэбна больш».

Так, грошай для арганізацыі Форуму патрэбна нямала!

Напрыклад, суткі ў гатэлі «Рэйнкранц», дзе пасялілі мяне, каштуюць 800 грывен — 100 даляраў. А гасцей Форуму — сотні. Кожнаму з нас выдаюць яшчэ і такія адмысловыя талоны на харчаванне ў рэстаранах у цэнтры горада. Мне дастаюцца талоны ў «Піцу Чэлентана», «Япону хату» і «Яўрэйскую кнайпу»…

Дзеля чаго ўсе гэтыя траты? Можа, Форум — гэта папросту тусоўка, можа, ён не мае ўплыву на жыццё?

Не. Адназначна, не. Я гэта бачу, гледзячы на тое, як жыве цяпер Украіна. І вось тут мне робіцца сорамна.

А мы тут, у Беларусі, што робім? Ці робім тое, што трэба, каб наступнае пакаленне магло рухацца далей? Ці аграгламур ужо канчаткова перамог?

Бо маё галоўнае і самае натхняльнае ўражанне не столькі нават ад самога кніжнага кірмашу, колькі ўвогуле ад горада: Украіна ўжо пераадолела пункт невяртання. Украінскай мове, украінскай незалежнасці ўжо нічога не пагражае.

Ня ўмерла Ўкраіна і ня ўмрэ.

Украіна дасягнула стану, калі нацыянальныя каштоўнасці абавязваюць нават тых палітыкаў, для якіх яны калісьці былі чужымі.

Ашаламляльны поспех

Моладзь нават з пэўнай іроніяй ставіцца да заклінанняў пра Тараса, да гераізацыі УПА, да песняў і танцаў у нацыянальных строях... Яны вырашаюць іншыя праблемы. Але вырашаюць па­ўкраінску і дзеля Украіны.

І сівенькія старыя, што вечарамі гуляюць у шахматы на лавачках на праспекце Свабоды, на моладзь, падалося, не крыўдзяцца. Яны, гэтыя старыя, у свой час адседзелі ў ГУЛАГу. Вось дзеля таго, каб сённяшняя моладзь магла рухацца далей. Яны гэта забяспечылі сваімі жыццямі.

Калі я падзялілася гэтымі думкамі з гледачамі львоўскага тэлеканала ZIK у адмысловай перадачы, прысвечанай падзеям Форуму, вядучы запярэчыў мне: «Ну, вы ідэалізуеце Украіну! У нас поўна праблем».

Ідэалізую, не спрачаюся. Але асноўную сваю праблему — захаванне дзяржаўнасці, захаванне нацыі і мовы — украінцы вырашылі, з нечаканым для нас ашаламляльным поспехам. Хочацца прааналізаваць, дзякуючы чаму гэта адбылося?

Ці мы, беларускія пісьменнікі, беларускія інтэлектуалы, робім усё, каб мець уплыў на жыццё?

Прынамсі, разумею я, я раблю не ўсё.

Мае вочы замыліліся.

Мае мазгі зацерушыліся ідыятызмамі афіцыёзу.

Я мала працую.

Але, бачыць Бог, я буду працаваць больш. Трэба працаваць больш — я зразумела гэта на Форуме ў Львове, на гэтым балі ўкраінскай кнігі і ўкраінскага духу.

«100 даляраў за выезд», — думаю ў саборы святога Юра.

У нядзельны ранак — да пачатку працы Форуму — я прыходжу ў сабор святога Юра — галоўны сабор грэка-­католікаў Украіны, блізка якога я жыву.

Я гляджу на людзей, якія прыйшлі на службу: на багата апранутых маладых мужчын, на моладзь з заплечнікамі, на сівавусых старых, на модніц у выкшталцоных спадніцах і на «підборах».

Я падыходжу да цудатворнай іконы Божай маці, якая захоўваецца тут.

У XVI стагоддзі з гэтай іконай запарожскія казакі хадзілі ў свае паходы, у тым ліку і на палякаў. У XXI стагоддзі паляк папа Ян Павал ІІ падарыў гэтай іконе свой асабісты ружанец, з якім ён маліўся ўсё жыццё. Гэты ружанец цяпер прымацаваны да яе, як каралі.

Маладая прыхаджанка апускаецца перад іконай на калені, сталы мужчына за ёй малітоўна складае рукі.

А я думаю, што тыя 100 даляраў за выезд, пра якія ваяўніча пракрычалі ўлады, уводзяцца не дзеля таго, каб беларусы не ездзілі за халадзільнікамі. Пошліну ўводзяць, каб абмежаваць нашы выезды ў Свабодны Свет.

Туды, дзе людзі абапіраюцца на духоўную моц продкаў. Каб беларусы не маглі трапіць у сваю Мекку — Вільню. Каб не маглі трапіць у Львоў.

Але кожны маразм сканчаецца. І скончыцца абавязкова.

І так будзе!

 * * *

«Рыбін горад» Наталкі Бабінай

раман, што выйшаў у выдавецтве «Наша Ніва» ў 2007. Паядноўвае рысы палітычнага дэтэктыва, прыгодніцкага і жаночага рамана. Перакладзены на польскую, расейскую, украінскую, ангельскую. Стаў першай за 10 гадоў мастацкай кнігай у перакладзе з беларускай мовы, што стала камерцыйным поспехам у Польшчы (прадалося 14 тысяч асобнікаў, трапіла ў шорт­ліст прэміі «Ангелус»).

«Рыбгорад»

Так называецца ўкраінскі пераклад рамана Бабінай. Апублікаваны ў Львове накладам 1000 асобнікаў. Прадаецца па 40 грывень (5 даляраў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?