72% апытаных беларусаў лічаць пагрозу дэвальвацыі беларускага рубля рэальнай ці магчымай, амаль палова па-ранейшаму больш давяраюць долару ЗША, чым беларускаму рублю (26,9%), таму звыш 62% сочаць за абменным курсам рубля да долара.

Такія вынікі нацыянальнага апытання, праведзенага ў верасні 2013 года Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД). Былі апытаныя 1.510 чалавек, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 3%.

«Намаганні ўладаў, скіраваныя на ўмацаванне нацыянальнай валюты, шматлікія запэўніванні ў тым, што ніякай дэвальвацыі не будзе, заклікі «не слухаць «нягоднікаў свядомых» і не бегчы ў пункты абмену», не пераконваюць большасць насельніцтва», — канстатуюць сацыёлагі.

Яны зазначаюць, што рост цэн у краіне, які пабіў рэкорд у Еўропе за першае паўгоддзе, не застаўся незаўважаным мільёнамі беларусаў.

Так, ацэньваючы наяўную сітуацыю, толькі 27,3% сказалі, што «ўсё не так дрэнна і можна жыць», 51,3% — «жыць цяжка, але можна цярпець», а 18% — «цярпець наша бядотнае становішча ўжо немагчыма».

Апісваючы сваё стаўленне да цяперашняга жыцця, звыш 61% сказалі, што «ніяк не могуць прыстасавацца да цяперашняга жыцця», што «даводзіцца «круціцца», хапацца за любую магчымасць зарабіць, толькі б забяспечыць сабе і блізкім цярпімае жыццё»

(амаль 55% беларусаў часта ці хаця б іншым разам даводзіцца працаваць звышурочна), або «звыкліся з тым, што давялося адмовіцца ад прывычнага спосабу жыцця, абмяжоўваючы сябе ў вялікім і малым», і толькі 35,5% — «жыву, як і раней, для мяне ў апошнія гады нічога асаблівага не змянілася» або «мне ўдалося выкарыстаць новыя магчымасці, каб дабіцца большага ў жыцці».

«Нягледзячы на тое што колькасць беларусаў, якія лічаць, што эканоміка краіны знаходзіцца ў крызісе, крыху зменшылася (калі ў чэрвені так думалі 59,8%, то сёння — 57,4%, супрацьлеглай думкі прытрымліваліся 29,5%, сёння — 32,4%), а іх рэальныя даходы падраслі

(сярэдні памер даходу, уключаючы зарплаты, пенсіі, дапамогі і іншыя прыработкі, які прыпадаў на аднаго члена сям'і, за квартал павялічыўся з 280 да 310 долараў ЗША), узровень аптымізму, з якім яны глядзяць у будучыню, прыкметна знізіўся: калі ў чэрвені 23,7% рэспандэнтаў меркавалі, што «сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі найбліжэйшымі гадамі пагоршыцца», то сёння так мяркуюць 28,1% (колькасць аптымістаў застаецца на ўзроўні 17,5%)», — канстатуюць аўтары сацапытання.

НІСЭПД — найстарэйшы ў Беларусі недзяржаўны даследчы цэнтр, створаны ў лютым 1992 года групай вучоных, журналістаў, палітыкаў і бізнесменаў. Асноўнымі відамі яго дзейнасці з'яўляюцца: даследаванні ў сферы сацыялогіі, эканомікі і паліталогіі; інфармацыйна-кансультатыўная дзейнасць; правядзенне канферэнцый і семінараў; выдавецкая дзейнасць; прафесійны трэнінг. У красавіку 2005 года інстытут быў ліквідаваны на падставе рашэння Вярхоўнага суда Беларусі і потым зарэгістраваны ў Літве як грамадская ўстанова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?