Да 3 гадоў абмежавання волі асуджаны дырэктар наваполацкіх фірмаў "Аўтапарытэт" і "Вітамін" спадар Пахоменка за падман спажыўцоў.

Паводле звестак прэс-цэнтра Генеральнай пракуратуры, бізнэсмен стварыў у Наваполацку арганізаваную групу, якая займалася падробкай дызельнага паліва. Тэхналогія падману, па якой дзейнічалі аферысты, была не новай. Махляры набывалі таннае пячное і рэактыўнае паліва, змешвалі і прадавалі сурагат пад выглядам экалагічна чыстай саляркі. Усяго, па інфармацыі Генпракуратуры, Пахоменка і кампанія летась рэалізавалі фізічным і юрыдычным асобам больш за 120 тон фальшывага дызпаліва на агульную суму звыш 172 млн рублёў. Адметна, што злачынцы спрабавалі надаць свайму бізнэсу "законны выгляд": арандавалі аўтазаправачныя станцыі, афармлялі фіктыўныя дагаворы і таварна-транспартныя накладныя аб пастаўках нафтапрадуктаў праз ілжэпрадпрымальніцкія структуры. Тым не менш супрацоўнікам праваахоўных органаў удалося выявіць арганізатара аферы і прыцягнуць да адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?