«Ці верыце вы запэўніванням улады, што новай дэвальвацыі беларускага рубля не будзе? Ці прыслухаліся да парады Аляксандра Лукашэнкі не бегаць па абменніках і не скупляць валюту?» — на гэтыя пытанні БелаПАН адказвалі жыхары Гродна.

«Я думаю, дзяржава не такія дурні, каб не разумець, што дэвальвацыя прывядзе да краху, да развалу краіны. Не думаю, што нашы ўлады настолькі зусім нічога не кемяць. Крэдыты браць ужо нельга, таму што «у даўгах як у шаўках». Зараз толькі працаваць самім — больш нічога. І прыватнікам большую даць свабоду, тады ўсё будзе нармальна. Іначай не падымуць эканоміку. Таму што дзяржава даказала сваю практычна поўную няжыццяздольнасць: як была савецкая мадэль, так і засталася. Ну, назвалі па-іншаму: нейкі сацыялізм. Карацей, я думаю, што пакуль не будзе прыватнікам лепей, то нічога не будзе».

«Я думаю, будзе дэвальвацыя».

«Не такі ў мяне вялікі даход, каб купляць валюту. Два з паловай мільёны за месяц — і двое дзяцей».

«Я думаю, правільна ён сказаў, бо праз гэты ажыятаж, што скупляюць валюту, яны самі сабе могуць нарабіць «байды». Валюта можа абясцэніцца з-за таго, што будзе захоўвацца ў панчохах, а не ў банках. Ды любая — хоць беларуская, хоць гэта».

«Я думаю, гэта відавочна будзе, і наўрад ці рубель застанецца на месцы».

«Ну крыху абясцэньваецца рубель наш. Пра 9.500 за долар у наступным годзе гаворка нібыта ідзе. Ну вось, а больш не будзе».

«Плаўна ідзе дэвальвацыя. Бо няма валютных рэсурсаў, няма адкуль браць іх пакуль што, бо ў нас слабы экспарт. Цяжкае эканамічнае становішча цяпер, амаль усе прадпрыемствы — банкруты, малы прыбытак у іх».

«Гэта ж не першы раз ужо, а соты! Папулізм…»

«Канечне, не будзе абясцэньвацца. Таму што, як вам сказаць, павінен народ мець сваю валюту. Ніяк не будзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?