Яўген Клішэвіч, фота Сяргея Гудзіліна.

Яўген Клішэвіч, фота Сяргея Гудзіліна.

У інтэрнэце з’явіўся праект Talaka.by — платформа, на якой кожны ахвотны можа прэзентаваць свой распланаваны праект і звярнуцца па дапамогу да інтэрнаўтаў. Тыя, хто ўпадабаў ідэю, могуць паўдзельнічаць у ім асабіста ці фінансава.

На Захадзе такія платформы існуюць даўно. Напрыклад, славуты амерыканскі сайт kickstarter.com грамадой збірае на праекты мільёны даляраў!

Пра перспектывы «народных» праектаў у Беларусі «Наша Ніва» гутарыць з заснавальнікам «Талакі» Яўгенам Клішэвічам.

«Наша Ніва»: Раскажыце, як з’явілася ідэя стварыць такую платформу ў Беларусі?

Яўген Клішэвіч: Пачалося ўсё з мяне. Я заўжды быў грамадска актыўным, удзельнічаў ва ўсялякіх праектах — пераклады фільмаў на беларускую мову, аматарскія тэатры… І сутыкаўся з тым, што ўсе гэтыя праекты маюць падобныя праблемы з рэалізацыяй: нястача чалавечых альбо фінансавых рэсурсаў. Узнікла думка, што, стварыўшы такую платформу, можна павялічыць колькасць рэалізаваных праектаў. Паступова ідэя выкрышталізавалася ў «Талаку».

«НН»: За аснову вы ўзялі Kickstarter?

ЯК: Не зусім. «Кікстартар» — гэта платформа, якая збірае грошы, то бок там з’яўляецца ўжо гатовая каманда, якая прапануе карыстальнікам прадукт. Маўляў, вы даяце грошы, а мы для вас зробім тое ці тое. Мы ў гэтым плане шырэйшыя , бо праз «Талаку» каманду можна сфарміраваць — да праектаў далучаюцца зацікаўленыя людзі.

«НН»: Якія праекты атрымалася паспяхова рэалізаваць?

ЯК: Ёсць тры паспяхова створаныя праекты. Першы — арганізацыя экскурсій для лю­дзей са слабым зрокам, які ўключае ў сябе стварэнне 3D­мадэляў будынкаў, каб людзі маглі навобмацак зразумець, як той ці іншы будынак выглядае. Наступны — «Брашура раварыста», дапаможнік для пачаткоўцаў. У ім сабрана ўсё, што трэба ведаць чалавеку, які вырашыў сесці на ровар. Трэці праект — арганізацыя рамесніцкага летніка, мэта якога захаваць і развіваць старадаўнія рамёствы.

«НН»: На сайтах такога кшталту, калі гаворка ідзе пра грошы, указваюцца патрэбныя сумы і колькасць ужо ўнесеных сродкаў…

ЯК: Мы плануем запусціць модуль з сумамі праз пару месяцаў, цяпер вырашаюцца юрыдычныя і прававыя пытанні, ідуць перамовы з банкам і распрацоўваецца модуль, каб такая паслуга была зручнай для ўсіх карыстальнікаў.

«НН»: На Захадзе такія платформы карыстаюцца попытам, у Расіі і Украіне сайты­аналагі менш паспяховыя. Якой бачыце будучыню «Талакі»?

ЯК: У Беларусі ёсць сярэдні клас, актыўны і неабыякавы, які можа падтрымліваць розныя праекты. За ім падцягнуцца і астатнія.

«НН»: Якія праекты размешчаныя на сайце цяпер?

ЯК: Напрыклад, рэстаўрацыя абсерваторыі. У Беларусі адна ўстанова такога кшталту, і тая не працуе, бо не зроблены рамонт. Кошт рамонту мізэрны па дзяржаўных мерках — 50 мільёнаў рублёў. Ужо знайшоўся першы спонсар, які выдаткаваў восем мільёнаў на першы этап рамонту. Таксама ёсць праект па арганізацыі пякарні, якая будзе пячы хлеб па старажытных рэцэптах — такое сабе адраджэнне традыцый. Зараз заснавальнікі праекта дэманструюць, чым можна накарміць увесь Мінск на розных фэстах.

НН: А асабіста вы калі­-небудзь падтрымлівалі праекты на замежных платформах?

ЯК: Літаральна нядаўна падтрымаў адзін з праектаў на «Кікстартары» — стварэнне карбонавага чахольчыка для тэлефона, аднак праект чамусьці адмянілі. Досвед ёсць, вось мы і хочам, каб ён быў даступны не толькі амерыканцам і еўрапейцам, а таксама і беларусам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?