«Снежны чалавек» – гэта кніга шведскай пісьменніцы Эвы Суса. Пані Суса прыязджае ў сталіцу Беларусі, каб прэзентаваць беларускі пераклад свайго выдання. Сустрэчы адбудуцца 13 і 14 кастрычніка. На іх разам са шведкай выступіць папулярная беларуская дзіцячая аўтарка Алена Масла.
Эва Суса (Eva Susso) — аўтар некалькіх шырока вядомых у Швецыі серый кніг для дзяцей і падлеткаў. Нарадзілася ў 1956 годзе ў Гётэборгу. Першую кнігу для дзяцей выдала ў 1995 годзе. Нядаўна новая кніга Эвы Суса «Снежны чалавек» выйшла па-беларуску ў перакладзе Алесі Башарымавай. Выданне стала першым у дзіцячай серыі «Каляровы ровар», заснаванай ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».
Гэтая кніга — мілая гісторыя сяброўства двух братоў Уна і Макса са снежным чалавекам аздоблена мастаком Бэнжамэнам Шо — адным з самых папулярных ілюстратараў дзіцячых кніг у Францыі.
13 кастрычніка (нядзеля) Эва Суса сустрэнецца з маленькімі чытачамі і іх бацькамі ў дзіцячай бібліятэцы № 6 імя Васіля Віткі (К. Лібкнехта, 98). Пачатак сустрэчы а 12.00.
У панядзелак, 14 кастрычніка, у 12.00 адбудзецца прэзентацыя «Снежнага чалавека» ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя Мікалая Астроўскага (пр-т газеты «Праўда», 20; ст. м. Пятроўшчына).
Уваход на абедзве імпрэзы вольны.