Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў на выбарах кіраўніка дзяржавы набірае больш за 80% галасоў выбаршчыкаў. Такія звесткі афіцыйных крыніц.

Ягонаму асноўнаму апаненту, адзінаму кандыдату ад апазіцыі, гісторыку Джамілю Гасанлі, пішуць каля 10%.

Азербайджанская апазіцыя гаворыць пра масавыя парушэнні падчас выбараў.

На сёлетніх выбарах Ільхам Аліеў балатаваўся на чарговы, трэці па ліку тэрмін. Такую магчымасць яму далі папраўкі ў канстытуцыю.

Апроч Аліева ў выбарах, як і ў Беларусі ў 2010 г., удзельнічалі дзевяць кандыдатаў, у тым ліку прадстаўнік апазіцыйнага альянсу Нацыянальная рада дэмакратычных сіл гісторык Джаміль Гасанлы.

Кандыдат лічыцца пераможцам у першым жа туры, калі набірае больш за 50% галасоў.

Ільхам Аліеў кіруе краінай з 2003 года. На гэтай пасадзе ён змяніў свайго бацьку Гейдара. Першыя выбары з ягоным удзелам скончыліся пратэстамі на вуліцах Баку і жорсткім разгонам мітынгу.

Апошнія выбары адбыліся ў 2008 годзе. Тады апазіцыя байкатавала выбары, а Ільхам Аліеў, паводле афіцыйных звестак, атрымаў каля 89% галасоў.

Апазіцыя вылучала кандыдатам кінасцэнарыста Ібрагімбекава, аднак яго не зарэгістравалі, бо ён мае двайное — расійскае і азербайджанскае — грамадзянства. Тады на замену яму апазіцыя вылучыла сціплага інтэлектуала Гасанлы.

Гасанлы заслужыў вядомасць сваімі працамі пра часы Азербайджанскай Дэмакратычнай Рэспублікі, сучасніцы БНР.

Ён не надта харызматычны, а да таго ж — інвалід 3-й групы па зроку, праз наступствы цукроўкі. Апазіцыя зрабіла стаўку на яго, бо гэта нейтральны і сумленны чалавек, у спадзяванні, што менавіта такая постаць найлепш кантрастуе з султанскім стылем кіравання Аліевых.

Палітычны лад Азербайджана аўтарытарны. У краіне існуе легальная апазіцыя, аднак яе магчымасці крайне абмежаваны. Асноўныя СМІ кантралюе рэжым. Дзяржава фактычна прыватызаваная групоўкай і сям'ёй Аліева.

Пры гэтым, аднак, краіна падпісала дакументы Рады Еўропы і падпарадкоўваецца рашэнням Еўрапейскага суда па правах чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?