У мінскіх кінатэатрах ідзе незвычайнае кіно. Цяжка зразумець, як яго прапусціла цэнзура. Здаровыя хлопцы аб’ядноўваюцца і лупяць спецназаўцаў, а супрацоўнікі спецслужбаў паўстаюць як маральныя дэгенераты. І гэта зусім не «Жыве Беларусь». Гэта стужка пра расійскіх футбольных хуліганаў «Каляфутбола».

У рэжысёра Антона Борматава атрымалася стварыць рамантычную гісторыю пра чатырох 30­гадовых хуліганаў маскоўскага «Спартака». Гэта людзі розных прафесій і сацыяльнага статусу. Сярод іх — выкладчык гісторык Цічэр, ёсць аўтаслесар Яры, бізнэсмэн Мажор. Яны збіраюцца разам, каб біць морды хуліганам іншых клубаў — «Дынама», ЦСКА, «Зеніта».

Чаму б’юцца? Цяжка патлумачыць. Гэта нават не праблемы сярэдняга класа, як у «Байцоўскім клубе» Паланіка. Хутчэй адлюстраванне супярэчлівага часу ў Расіі. «У палітыцы я не разбіраюся, — кажа гандляр у фан­клубе «Спартака». — А тут усё ясна, хто твой вораг і як яго трэба пакараць».

Расія сёння сапраўды адна з асноўных краін у свеце па «каляфутболе». Яшчэ можна адзначыць Польшчу, Сербію, Турцыю, Балгарыю. Краіны, дзе ўжо не трэба думаць аб хлебе надзённым, але яшчэ не дасягнулі ў развіцці вядучых краін. У Англіі «каляфутбол» практычна зжыў сябе. Там няма ўжо нават фанатаў у беларускім разуменні. Тое самае Германія, Іспанія. Футбольныя хуліганы праходзяць, як хвароба росту.

Дарэчы, на прэм’ерным паказе «Каляфутбола» ў Мінску адбылася сутычка паміж фанатамі «Партызана» і «Дынама».

У гэтым, дарэчы, вялікае адрозненне беларускай і расійскай сітуацыі. У Расіі няма фанацкіх групіровак з антыфашысцкімі поглядамі. У Беларусі ж вельмі моцная групоўка левай моладзі гуртуецца вакол «Партызана». Расійскі неанацыст Цясак можа гэта пацвердзіць. Ёсць і сярод меншых клубаў — «Оршы», «Бярозы», «Рудзенска», «Гарадзеі». Характэрна, што і правыя, і левыя шануюць Пагоню і бел­чырвона­белы сцяг як нацыянальныя сімвалы краіны.

Ролю ворагаў у Расіі найчасцей адыгрываюць не антыфа, а фанаты каўказскіх клубаў. Гэтая тэма таксама была закранутая ў фільме.

Чым яшчэ адрозніваецца беларускі «каляфутбол» ад расійскага?

Усё ж у Беларусі большасць хуліганаў — школьнікі і студэнты. Знайсці выкладчыкаў універсітэтаў значна складаней. Гэта звязана ў тым ліку з вялікім кантролем з боку спецслужбаў і міліцыі. Паверце, фанаты сутыкаюцца з гэтым не меней за апазіцыйных актывістаў.

Сексоты, несправядлівыя турэмныя прысуды, сачэнне і праслухоўванне — гэта ж тое самае з чым сутыкаюцца не толькі героі «Каляфутбола», але і апазіцыя.

У Беларусі надзвычай рэдка ўзнікаюць публічныя бойкі. Усё праз той жа татальны кантроль.

Тыя, што здараюцца, хутчэй выпадковыя ці адбываюцца на матчах ніжэйшых дывізіёнаў, як было зусім нядаўна ў Навагрудку. Найчасцей недзе ў лесе. Бойкі фарматам «10 на 10 ці 20 на 20».

Што да фільма, то ён выйшаў і смешным, і шчымлівым. Добрае спалучэнне. Паглядзець варта, хоць дзеля таго, каб развеяць міф, што ўсе футбольныя фанаты — «прыматы».

«Каляфутбола» ідзе ў суботу і нядзелю ў мінскім кінатэатры «Перамога» (Інтэрнацыянальная, 20). Пачатак сеансаў у 15:00, 17:00, 19:00, 21:00.

Фірмы

У цэнтры «Каляфутбола» лёс спартакаўскай фірмы Skullhead Crew. На фанацкім слэнгу фірмамі называюць «групіроўкі» ўнутры руху. Трапіць у фірму вельмі складана, гэта толькі для невялікай колькасці правераных людзей.

У Беларусі ёсць наступныя фірмы:

«Дынама» (Мінск) — «Нававілка», Formation7, Generation Ultra, «Адступнікі»
«Дынама» (Брэст) — Blue­white devils, «Без мазгоў»
«Мінск» — «Унія­09»
«Гомель» — «Палескі стыль»
БАТЭ — Young buzoters
СКВІЧ — «Паравоз»
«Белшына» — «Багатыры»
«Партызан» — «Хеўра», Red­white hunters
«Дняпро» — «Сям’я»
«Маладзечна» — Green­White Boys, «Жулікі»
«Хімік» (Светлагорск) — «Шэрвуд»
«Асіповічы» — Shedwill
«Баранавічы» — Suicide squad
«Нафтан» — «Грамніцы»
«Ліда» — «Сота»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0