“Імёны Свабоды” — дванаццатае выданьне ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. У кнігу ўвайшоў 261 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды 18–21 стагодзьдзяў. Ад 1 студзеня 2006 году да Дня Волі 2007 году ў ранішнім эфіры “Свабоды” Ўладзімер Арлоў расказваў пра беларускіх патрыётаў, змагароў за волю й незалежнасьць. Выданьне склалі выбраныя эсэ з больш чым трохсот радыёперадачаў.

«Імёны Свабоды» — гістарычныя партрэты паўстанцаў XVIII стагодзьдзя і палітзьняволеных ХХІ-га, знакамітых на ўвесь сьвет асобаў і людзей, якіх ведалі толькі іх сябры, якіх аб’ядновала любоў да волі й да радзімы, і якіх аўтар, Уладзімер Арлоў, уключыў у пантэон беларускай свабоды і незалежнасьці. Кніга можа служыць дапаможнікам для напісаньня раманаў, здыманьня фільмаў, абароны дысэртацыяў, зьмены назваў плошчаў ды іншага”,– гаворыцца ў анатацыі да “Імёнаў Свабоды”.

Аляксандар Лукашук адзначае, што гэтая кніга ўнікальная тым, што яна мае пачатак, але ня мае канца.

“Па сваёй ідэі, па сваёй формуле гэтая задача ніколі ня скончыцца, пакуль будзе жыць Беларусь. А ў практычным пляне гэта азначае наступнае. Па-першае, у кнігу ўвайшлі ня ўсе перадачы, якія выйшлі ў эфір і гучалі на хвалях Радыё Свабода. Гэта тлумачыцца проста абмежаваным аб’ёмам кнігі.

Па-другое, ужо пасьля таго, як перадача скончылася, сьпіс магчымых герояў кнігі папоўніўся. І дзеля гэтага ў нас была створаная новая праграма “Вянок памяці”. У гэтай перадачы мы просім расказаць пра тых людзей, якія пайшлі ўжо з гэтага жыцьця, але якія былі важныя для вас і для Беларусі”.

За апошні год, адзначае Аляксандар Лукашук, ў перадачы “Вянок памяці” прагучала шмат імёнаў, якія таксама вартыя быць уключанымі ў гэтую кнігу.

“Такім чынам, сама гэта ідэя, гэта перадача ня мае канца, і мы спадзяемся, што, калі сёньня гэта кніга зьявіцца ў інтэрнэце, яна значна пашырыць сваю прысутнасьць у інфармацыйнай прасторы і такім чынам яшчэ прыцягне новыя ідэі, новыя імёны, новыя постаці”,– лічыць дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

“Аляксандар Лукашук у сваёй прадмове называе зборнік энцыкляпэдыяй любові, любові да Радзімы. Я б яшчэ дадаў, што гэта своеасаблівая энцыкляпэдыя нацыянальнага духу, своеасаблівы рэквіем накшталт вядомага “Дня гневу”, дзе жалобныя матывы перамяжоўваюцца з узьнёслым, жыцьцесьцьвярджальным аптымізмам, зь верай, надзеяй і любоўю”, кажа Анатоль Вярцінскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?