У сакавіку былі выбары ня толькі ў Беларусі, але і ў зямлі Саксонія-Анхальт. Лякальная палітыка выклікае тут ня меншы ажыятаж, чым нацыянальная – бо больш блізкая да людзей. Мясцовая моладзь вырашыла бліжэй пазнаёміцца з дэпутатамі ў ляндтаг – зямельны парлямэнт. Формай для знаёмства стаў «Гарачы зэдлік» – фармат палітычнай дыскусіі, даволі пашыраны ў Нямеччыне.

У памяшканьні мясцовай Эвангелісцкай акадэміі – рэлігійнай установы, якая займаецца сьвецкай адукацыяй, сабраліся 80 чалавек. Перад імі на сцэне сядзелі пяць маладых кандыдатаў у дэпутаты ад асноўных партыяў, якія будуць спрабаваць свае сілы на выбарах.

Першай задачкай для палітыкаў была прэзэнтацыя суперніка – яны мусілі рэпрэзэнтаваць свайго суседа па зэдліку так, нібыта яны ствараюць для яго палітычную рэкляму. Рабілі яны гэта збольшага прыхільна, дзе-нідзе для сьмеху гіпэртрафуючы перадвыбарчыя абяцанкі партыі-канкурэнта. Потым надышла чарга пытаньняў з залі. Будучыя парлямэнтары адбіваліся, як маглі. Пасьля гэтага ім давялося прайсьці празь віктарыну, якая мусіла выявіць узровень іх інтэлекту. Кандыдат ад ХДС як арэшкі шчоўкаў загадкі-тэрміны з разраду паліталёгіі, аднак на пытаньне «Колькі храмасом мае вуха чалавека?» адказаў «Чатыры!», прымусіўшы схапіцца за галаву кандыдата-біёляга ад левых. Пераможцай конкурсу эрудытаў выйшла кандыдатка ад сацыял-дэмакратаў.

Другое кола пытаньняў завяршыла вечар. Цікава, што традыцыйна балючыя тэмы – фінансаваньне адукацыі ды змаганьне зь беспрацоўем – займалі важнае, але не галоўнае месца. Нямецкая моладзь асьцярожна, але настойліва пачала ставіць пытаньне пра нацыянальны гонар ды сьвядомасьць – тэмы-табу для старэйшага пакаленьня. «Чаму нэанацысты прыватызавалі паняцьце нацыянальнай годнасьці? Чаму я не магу сказаць, што я ганаруся быць немцам бяз страху, што мяне залічаць у шэрагі карычневых?» – запытаўся школьнік з залі. «Называцца немцам ніхто не забараняе, але чаму гэтым трэба абавязкова ганарыцца?» – парыравала са сцэны лявіца, і нават кансэрватыўнаму палітычнаму крылу давялося зь ёй збольшага салідарызавацца.

Паўстала і яшчэ адно вострае пытаньне – пра тое, як ацэньваць намеры нямецкіх спэслужбаў ды паліцыі супрацоўнічаць з мэтай прафіляктыкі тэрарызму. «Кантакты паміж імі могуць быць, але супрацоўніцтва – спрэчны момант. Калі сакрэтныя службы ды паліцыя пачынаюць працаваць разам, тут недалёка да ўзьнікненьня сакрэтнай паліцыі», – такім быў агульны вэрдыкт выступоўцаў.

Зладзілі «гарачы зэдлік» 10 навучэнцаў вітэнбэрскай гімназіі імя Лукаса Кранаха. На арганізацыю ў іх пайшло два тыдні. Палітыкі ахвотна згадзіліся на дыскусію, хоць і ведалі, што давядзецца размаўляць са школьнікамі. З цэлым народам гутарку весьці можна і трэба менавіта праз такія лякальныя сустрэчы – гэта ў Нямеччыне ведаюць вельмі добра. Нацысцкая дыктатура ды сацыялістычная партакратыя ў НДР давялі немцам, што дыялёг – найлепшая прафіляктыка грамадзка-палітычных хваробаў. Вось жа, каб зладзіць і ў нас такую дыскусію з удзелам прадстаўнікоў усіх апазыцыйных сілаў! Толькі каб пытаньні задавалі не журналісты, а звычайныя выбарцы. Ці ўсе палітыкі здолеюць уседзець на такім «гарачым зэдліку»? Праўда, прадстаўнікі «партыі ўлады» на такую сустрэчу наўрад ці зьявяцца. Зрэшты, ці патрэбна гэта? На «гарачы зэдлік» у Вітэнбэргу крайне правую Нацыянальную партыю Нямеччыны нават не запрасілі, хоць яе падтрымка насельніцтвам на ўсходзе краіны даволі моцная. Недэмакратычным сілам няма месца ў дэмакратычным дыскурсе, мяркуюць арганізатары імпрэзы.

Такі фармат дыялёгу ня дужа прыдаецца да гарачага месяцу прэзыдэнцкіх выбараў, а вось у пару палітычнай задухі паміж выбарчымі кампаніямі размова на гарачых зэдліках зможа значна ажывіць беларускі палітычны ляндшафт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0