Аляксандар
Мілінкевіч

Лідэр дэмакратычных сіл Беларусі А.Мілінкевіч накіраваў запрашэнне на Еўрапейскі Марш «За Свабоду» страшыні Еўрапейскай Камісіі, старшыні Еўрапейскага парламента і кіраўнікам еўрапейскіх дзяржаваў.

«Мы запрашаем нашых сяброў быць з намі ў дзень правядзення Еўрапейскага маршу, прыехаць да нас 14 кастрычніка. Мы будзем удзячныя за праяву салідарнасці і падтрымку з Вашага боку. Большасьць беларусаў з надзеяй глядзіць на Еўропу, чакае нармалізацыі стасункаў з Еўрасаюзам», — гаворыцца ў запрашэнні.

Лідэр дэмакратычных сіл Беларусі адзначыў важнасць гэтай падзеі для беларусаў.

«Гэты марш арганізуюць дэмакратычныя сілы Беларусі з мэтай прадэманстраваць жаданне беларусаў жыць у еўрапейскай сям’і вольных народаў. Гэта будзе Марш дзеля будучай свабоднай і еўрапейскай Беларусі. Гэта будзе пачатак нашага шляху ў свабодную і аб’яднаную Еўропу.

Сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратычнымі свабодамі ў Беларусі застаецца вельмі напружанай. Ад пачатку года сотні людзей былі арыштаваныя, збітыя, правялі па некалькі тыдняў у турме за адстойванне сваёй грамадзянскай пазіцыі. Асаблівы ціск ўлады аказваюць на моладзь. Ёсць і надзвычай абуральныя выпадкі рэпрэсіяў: арышт актораў і гледачоў на спектаклі «Вольнага тэатру», арышты падчас прэзэнтацыі кнігі, бардаўскага фэсту. Пры гэтым улады працягваюць заяўляць аб сваёй зацікаўленасці ў супрацоўніцтве з Еўрапейскім Саюзам.

У гэтай сітуацыі нам вельмі важная цікавасць з боку сусветнай дэмакратычнай грамадскасці, краінаў Еўрасаюзу да падрыхтоўкі і правядзення Маршу. Дэмакратычныя сілы выступаюць за выключна мірны характар дэманстрацыі і прапануюць ўладам узаемадзеянне, нягледзячы на рост рэпрэсіяў і арышты нашых сяброў і калегаў, нягледзячы на павелічэнне лічбы палітзняволеных у Беларусі. Мы думаем пра будучыню Беларусі і звязваем яе з Еўропай», — адзначаецца ў запрашэнні да еўрапейскіх лідэраў».

Milinkevich.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0