Нічога не нагадвае ва Ўкраіне пра атмасфэру эканамічнага хаосу ды іншыя катаклізмы, якія – калі верыць «СБ» і БТ – пасьля падзей на Майдане сталі пэрманэнтным атрыбутам украінскага штодзённага жыцьця. 26 сакавіка пра выбары нагадвалі хіба велізарныя чэргі ля школаў і адміністрацыйных будынкаў, ператвораных у перавыбарчыя «дільныці».

Але яшчэ ў пятніцу, 24 сакавіка, Кіеў нагадваў лягер намадаў: ля кожнай станцыі мэтро і кожнага супэрмаркету быў свой маленькі Майдан: палаткавы лягер прадстаўнікоў розных палітычных сілаў. Кожны, хто заглядаў у намёт, атрымліваў ад прапагандыстаў стос папяровай інфармацыі аб праграме партыі, яе лідэрах, а таксама бонус-каляндарык або пакет. Найбольшай папулярнасьцю карысталіся агіткропкі Юліі Цімашэнкі, дзе акрамя макулятуры можна было затарыцца шалікам або каптурком з «чырвоным сэрцам» – лэйблам яе блёку.

У суботу ўвесь гэты цырк зьнік – ва Ўкраіне быў «дзень цішыні». Засталіся выключна графіці – кшталту «За Камуністаў. Даві гідру» – ды каляровыя стыкеры на дрэвах. Бо кожная партыя мае сваю фарбу: сацыялісты – ружовыя, «рэгіёны» – фіялетавыя, «Наша Ўкраіна» – памаранчавая, канечне. Але выбарчая кампанія працягвалася і ў суботу. Украінцы дадумаліся да цікавых піярных крокаў. Напрыклад, трасы гораду ўпрыгожваюць бігборды са слоганам «зялёныя». Калі падысьці бліжэй, можна прачытаць, што «зялёныя» – новы мэдпрэпарат, які хутка павінен зьявіцца ў аптэках. А тое, што ён выклікае асацыяцыі з назвай нейкай партыі, – «чыстае супадзеньне». Тое ж робяць іншыя палітычныя акторы. Так, у горадзе цяпер шмат рэклямы піва «Абалонь», а ўсе ж ведаюць, што дырэктар гэтай кампаніі спансуе нацыяналістаў з блёку «Кастэнка–Плюшча». А бэльгійскія гомасэксуалісты абвінавацілі Ю.Цімашэнку ў парушэньні аўтарскіх правоў: быццам яна «сьпіянэрыла» ў іх лэйбл-сэрца. Было й нясьмешнае: увечары ў суботу ў Данецку невядомыя забілі дэпутатку «Нашай Украіны».

Тым ня менш градус напружанасьці ў суботу трохі спаў, і ньюсмэйкерам стала Беларусь. За два дні ў Кіеве адбыліся чатыры акцыі салідарнасьці зь беларускай апазыцыяй – тры каля амбасады і адна каля офісу МЗС. Пікетчыкі патрабавалі не пускаць у краіну датычных да парушэньня правоў грамадзян беларускіх чыноўнікаў. «Хай яны адпачываюць у Сочы», – казаў адзін парубак у мэгафон.

Мэрам Кіева нечакана стаў Леанід Чырванецкі – сябра сэкты «Пасольства Божае». Адным зь яго найбліжэйшых сяброў – Сунканмі Сандэй Адэладжы, ваяўнічы пратэстанцкі прапаведнік зь Нігерыі. Летась падчас кіеўскага маршу за легалізацыю марыхуаны яго паства спрытна разагнала маніфэстантаў. Думаецца, пры новай гарадзкой адміністрацыі барацьба за чысьціню нораваў працягнецца яшчэ з большай сілай.

За гады дэмакратыі ва Ўкраіне выпрацавалася цікавая формула паводзінаў у дзень народнага волевыяўленьня. Яна чымсьці нагадвае паводзіны 31 сьнежня. У дзень галасаваньня зранку прынята добра адсыпацца, каб потым не прапусьціць галоўнага: выбарчых тэлемаратонаў. Зь дзявятай вечара, калі зьяўляюцца зьвесткі першых экзыт-полаў, вядомыя палітыкі і аналітыкі па розных студыях аж да другой ночы даюць розныя ацэнкі. Слухаць іх зьбіраюцца перад тэлевізарам кампаніямі, пад добрае віно.

Галоўнай сэнсацыяй увечары 26 сакавіка быў трыюмф Ю.Цімашэнкі. Яе блёк набіраў на некалькі адсоткаў болей, чым давалі ўсе сацыялягічныя Касандры. Сп.Юлія проста сьвяцілася з экрана тэлевізара, тым часам як нашаўкраінцы былі сумныя, і нават воплі спэцыяльна запрошаных у офіс «НУ» «Вопляў Відаплясава» не ўзьнялі іхняга тонусу. Цімашэнка карыстаецца вялікай падтрымкай сярод жанчын і часткі аранжавага электарату, незадаволенага апартунізмам Віктара Юшчанкі, найперш у сацыяльнай палітыцы. Галоўны лёзунг праграмы блёку Цімашэнкі – справядлівасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0