За здзяйсненне асабліва злоснага хуліганства прыйдзецца адказваць раней неаднаразова судзімаму жыхару Гродна, паведамляе сайт УУС Гродзенскага аблвыканкама.
25-гадовы хлопец ўвесь вечар піў спіртное, а бліжэй да ночы зайшоў павячэраць у бар. Хутка дачакаўшыся замовы, ён вырашыў «аддзячыць» афіцыянту. У якасці чаявых кінуў у недапіты келіх піва дзве тысячы беларускіх рублёў.
Арыгінальную ідэю кліента «гарсон» не ацаніў і моўчкі пайшоў, калі яму прапанавалі ўзнагароду. Падазраваны, у сваю чаргу, расцаніў гэта як непавагу, падышоў да барнай стойкі і накіраваў у бок афіцыянта пнеўматычны пістлет.
Апошні не разгубіўся і націснуў трывожную кнопку. Нарад міліцыянтаў Кастрычніцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС аператыўна затрымаў хулігана, які да таго моманту яшчэ не паспеў сысці.
Свае хамскія паводзіны падазраваны патлумачыў тым, што быў п'яны.