Восень у мінскім Парку Горкага, фота Сяргея Зініна.
Няўстойлівае надвор'е чакаецца ў гэтыя выходныя, зазначае галоўны сіноптык Белгідрамета Людміла Парашчук.
У першай палове кастрычніка было мала ападкаў, а месцамі па краіне з пачатку месяца ні разу не прайшоў дождж.
Так суха ў Беларусі ў першай палове кастрычніка бывае раз у 25-30 гадоў.
Ад пятніцы надвор'е пачне мяняцца.
У суботу прыйдзе халодны атмасферны фронт з Балтыйскага мора. Ноччу на большай частцы, а днём у крайніх усходніх раёнах краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы, ноччу і раніцай месцамі — з мокрым снегам. Днём будзе 4—9 градусаў са знакам плюс .
Днём у нядзелю на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, па паўночным усходзе — з мокрым снегам. Ноччу і раніцай — туман. Тэмпература паветра днём складзе плюс 3-10 градусаў, па Брэсцкай вобласці — да 12 градусаў.
У сярэдзіне наступнага тыдня на тэрыторыю краіны пачне паступаць цёплае паветра з Цэнтральнай Еўропы і стане цяплей.
У сераду днём чакаецца ад плюс 8 да плюс 15 градусаў, па паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці будзе 16-17 градусаў вышэй за нуль.