Пра тое, хто супраць удзелу Беларусі ў віленскім саміце і як зрабіць Шэнген бясплатным, Еўрарадыё гутарыць з дэпутатам Бундэстага Марылуізай Бек.

Еўрарадыё: У дадзены момант у Германіі фармуецца новы склад ураду – мы з вамі сустракаемся напярэдадні вашага візіту да Ангелы Меркель, дзе будзе вырашацца пытанне, ці ўвойдзе ваша Партыя зялёных у кааліцыю з яе партыяй. Ці будзе залежаць палітыка Германіі ў дачыненні да Беларусі ад таго, якім будзе новы ўрад?

Марылуіза Бек: Мяркую, што хутчэй за ўсё — не. Справа ў тым, што ўсе палітычныя сілы ў Германіі аб’ядноўвае адно: пасля таго, як Лукашэнка сфальсіфікаваў выбары і разагнаў дэманстрацыі пратэсту, у краіне з’явіліся палітычныя зняволеныя. А гэта азначае, што ніякіх зменаў палітыкі адносна гэтага рэжыму чакаць не даводзіцца.

Я хачу яшчэ раз падкрэсліць: такія дзеянні Лукашэнкі былі тут ацэненыя як падрыў даверу. І ў адносінах да ўсяго ЕС, і ў адносінах да Германіі.

У свой час, уключыўшы Беларусь ва Усходняе партнёрства, ЕС даў крэдыт даверу вашай краіне. І гэта было зроблена нягледзячы на тое, што ўсе разумелі: у гэтым ўключэнні Беларусі ёсць вялікая палітычная рызыка — ужо тады было зразумела, што сітуацыя ў краіне абвостраная.

Сама ідэя Усходняга партнёрства ў тым, што мы бачым нібыта канцэнтрычныя колы вакол Еўрапейскага саюза. У нас ёсць краіны, якія ўжо маюць статус кандыдата на ўваходжанне ў ЕС, ёсць краіны, якія чакаюць гэтага статуса, і ёсць краіны, якія чакаюць падпісання Дамовы аб супрацоўніцтве з ЕС.

Краіны Усходняга партнёрства найбольш аддаленыя ад перспектывы ўключэння ў Еўрасаюз, але ў адпаведнасці з законамі ЕС у іх таксама ёсць права шукаць сяброўства ў Еўрасаюзе — таму што яны геаграфічна знаходзяцца ў Еўропе!

І ўключэнне Беларусі ва Усходняе партнёрства нібыта кажа: «Бачыце, Беларусь рухаецца ў накірунку Еўропы!» Але разгонам дэманстрацый, арыштамі вялікай колькасці людзей, з’яўленнем вялікай колькасці палітзняволеных Лукашэнка паказаў, што яму гэта набліжэнне да Еўрасаюза абыякавае.

Насуперак гэтаму ён узяў курс на збліжэнне з Расіяй — была падпісаная дамова пра ўваходжанне Беларусі ў Мытны саюз (з Расіяй і Казахстанам. — заўв. Еўрарадыё) яшчэ напярэдадні выбараў.

І галоўнай задачай новага ўраду Германіі, якой ён будзе займацца ў супрацоўніцтве з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі, будзе спроба вырашаць — што ж рабіць з такой вось краінай?

Еўрарадыё: Як на сённяшні дзень выглядае сітуацыя?

Марылуіза Бек: Некалькі фактаў. Са спісу людзей, на якіх распаўсюджваюцца візавыя санкцыі ЕС, быў выключаны сённяшні міністр замежных спраў Беларусі — каб былі магчымыя хоць нейкія кантакты і сустрэчы.

Але па-ранейшаму няма сустрэч паміж парламентамі Беларусі і ЕС, бо парламент Беларусі не прызнаецца легітымным. І ёсць паміж краінамі ЕС лёгкія разыходжанні па пытанні: «Што рабіць з Беларуссю на віленскім саміце Усходняга партнёрства?»

Да прыкладу, Вялікабрытанія ўвогуле задае пытанне: «Ці мае сэнс удзел Беларусі ў гэтым саміце?» А Беларусь, спрабуючы дабіцца нейкай рэабілітацыі Лукашэнкі, патрабуе яго асабістага запрашэння на саміт. Але па-ранейшаму ў краіне вялікая колькасць палітзняволеных.

І самы вядомы з іх — Алесь Бяляцкі. І я не думаю, што Еўрасаюз адступіцца ад свайго патрабавання: Лукашэнка не будзе ўспрымацца як партнёр раней, чым гэтыя палітзняволеныя будуць вызваленыя.

Еўрарадыё: Калі і кім было агучанае патрабаванне даслаць на віленскі саміт асабістае запрашэнне кіраўніку Беларусі?

Марылуіза Бек: Беларускі амбасадар выказаў гэта тут, на адным форуме. І ў нас складваецца ўражанне, што гэта ў яго не выпадковае слова выскачыла, а што такім чынам была выказаная афіцыйная пазіцыя беларускага МЗС.

Еўрарадыё: Можа, дойдзе да таго, што Беларусь выключаць з Усходняга партнёрства? У праграмах яго яна амаль не ўдзельнічае, ад Дыялогу па мадэрнізацыі адмовілася…

Марылуіза Бек: У пытанні палітычных санкцыяў у нас палітычная дылема. З аднаго боку, размова ідзе пра захаванне вернасці нашым прынцыпам — мы не можам ад іх адмовіцца «за дробную манету».

З іншага боку, ізаляцыя Беларусі таксама мае свой кошт, бо няма каналаў для вядзення размоў. І трэба нейкім чынам выпрацоўваць сваю палітыку паміж гэтымі дзвюма опцыямі, кожная з якіх па-свойму не вельмі добрая. Гэта вельмі няўстойлівы базіс, на якім ЕС спрабуе ажыццяўляць сваю палітыку адносна Беларусі.

Я ведаю, што ў Беларусі ёсць пэўныя палітычныя групы і асобныя людзі, якія чакаюць больш жорсткіх санкцый з боку Еўропы. Але ў гэтым выпадку вялікая небяспека ў тым, што гэтыя санкцыі з дапамогай прапаганды будуць выкарыстаныя на тое, каб аб’яднаць людзей вакол рэжыму.

А нам проста неабходна захаваць усе магчымасці для сустрэч. І больш за ўсё я баюся, што Лукашэнка, у межах санкцый, забароніць людзям выезд з краіны. Мы зараз з вамі знаходзімся ва ўсходняй частцы Берліна — тут раней была ГДР. У нас ёсць вопыт таго, калі свабода перасоўвання людзей практычна цалкам абмежаваная.

Мы і так сёння маем тое, што сваёй візавай палітыкай, вялікімі коштамі на візы ЕС ўскладняе сустрэчы еўрапейцаў з беларусамі. Мы, «зялёныя», з усіх сіл змагаемся за лібералізацыю візавай палітыкі, за тое, каб плата за візу была адмененая, і за тое, каб беларусы маглі свабодна ездзіць па Еўропе.

І гэта будзе маім галоўным пажаданнем нашаму новаму міністру замежных спраў — каб былі скарыстаныя ўсе магчымасці для таго, каб дабіцца на нацыянальным узроўні лібералізацыі візавага рэжыму з Беларуссю.

І ў групе шэнгенскіх краін павінна праводзіцца паслядоўная і інтэнсіўная праца для таго, каб дабіцца адмены візавага рэжыму з Беларуссю.

Еўрарадыё: За гэта выступаюць нават еўрадэпутаты — далі заданне Еўракамісіі вывучыць магчымасці ўнясення адпаведных зменаў у візавы кодэкс ЕС. Але наколькі гэта рэальна?

Марылуіза Бек: Што тычыцца магчымасцяў зменаў візавай сітуацыі на заканадаўчым узроўні, то яны, насамрэч, вельмі невялікія. Але што тычыцца практыкі, то тут справа ідзе зусім па-іншаму.

Ніякія законы не абмяжоўваюць консульскіх супрацоўнікаў і не забараняюць выдаваць больш віз, на большыя тэрміны — на год-два. Увогуле — не браць пошліну. Спрасціць працэдуру хаця б у тым, каб не абавязваць людзей асабіста прысутнічаць падчас падачы дакументаў на візу.

Вы паглядзіце, колькі віз выдае Фінляндыя расійскім грамадзянам! Відавочна, што адны і тыя ж візавыя законы ў межах шэнгенскай зоны разумеюцца кожнай краінай па-рознаму. І Германія можа праявіць палітычную волю і быць на баку тых, хто ліберальна разумее гэтыя візавыя законы ЕС.

Еўрарадыё: Афіцыйны Мінск сцвярджае, што за кратамі знаходзяцца не палітвязні, а крымінальнікі, заклікае забыцца на санкцыі і патрабаванні і пачаць будаваць адносіны з «чыстага аркуша» — такое магчыма?

Марылуіза Бек: Я не думаю, што цвёрдая пазіцыя ЕС адносна патрабавання вызвалення палітвязняў хоць на крыху стане мякчэйшай. Па гэтым пытанні абсалютна дакладная пазіцыя і ўсяго Еўрасаюза, і асобна — Еўрапарламента.

Нават Савет Еўропы згодны з такім стаўленнем, хоць яму часам даволі складана дасягнуць аднадумнасці па гэтай пазіцыі. І ў сувязі з гэтым я яшчэ раз хачу звярнуць увагу на неабходнасць падтрымліваць кантакт на нізкім узроўні.

Але не спрабаваць рэжым абяліць — для таго, каб падштурхнуць да падтрымкі кантакту на высокім узроўні.

Еўрарадыё: Як чалавек, які толькі што ў чарговы раз выйграў выбары ў Бундэстаг, дайце параду беларускай апазіцыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

Марылуіза Бек: Мне падаецца, што нам, хто знаходзіцца звонку, не трэба нейкім чынам спрабаваць уплываць на розныя апазіцыйныя сілы Беларусі.

Вы ведаеце, што мне амаль тры гады як забаронены ўезд у Беларусь і з ўсімі апошнімі падзеямі ў вашай краіне я знаёмая, назіраючы за імі звонку. Адно магу сказаць: я не была шчаслівая, калі ў апошніх прэзідэнцкіх выбарах 2010 года бралі ўдзел, здаецца, сем кандыдатаў ад апазіцыі.

Я думаю, што гэтыя словы можна лічыць маім каментарам да тых перамоў, якія, спадзяюся, ідуць у асяродку апазіцыі напярэдадні выбараў 2015 года.

Глядзі таксама: Ханс-Георг Вік: «Нацыя ў вас узнікае ў працэсе трэння аб Лукашэнку»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?