Едзеш са сталіцы з пачкам новых кніжак, у адной тваё апавяданьне і пазначана: нарадзіўся ў Менску. Нібы бязмоўнае пытаньне: чаго ж памяняў на іншы, меншы горад, навошта, ці не шкадуе? Ат, не люблю натоўпу…

Месяц таму вяртаньне з начнога аэрапорту ў бязьлюдную ўжо сталіцу. Асьветленыя білборды ўздоўж дарогі: нашыя самазвалы самыя вялікія, нашыя трактары самыя сельскагаспадарчыя, нашыя самыя цяжкія, самыя магутныя, самыя цьвёрдыя, самыя непрабівальныя.

Праўда, і чалавечы момант прысутнічае: задаволеныя жанчыны нібы са сталінскіх плякатаў расхвальваюць каўбасы, вяндліны, боханы. Можа й правільна? Каб ніякіх завэдзганых прыгажунь з чужым шампунем, мылам, парфумай, пральнымі парашкамі, панчохамі, падпаскамі. Тут усё салідна, падарожны замежнік, тут краіна цяжкага машынабудаваньня, мэталюргіі, нафтаперапрацоўкі, краіна вялікай хіміі і харчовай бясьпекі.

Міжволі ўзгадаліся калісьці прачытаныя ўспаміны дачкі Сталіна: бацька быў упэўнены, што гіганцкія лічбы выплаўкі чыгуну і сталі, здабычы вугалю могуць ашчасьлівіць людзей… Праўда, трэба сказаць, зіхаценьне агнёў на паверхні гмаха бібліятэкі, яе відарыс, Першадрукар сапраўды робяць уражаньне.

Цяпер на Горадню аўтобусы ад’яжджаюць з “Маскоўскага”, і гэта цікавей візуальна: праехаць па праспэкту, збочыць на кальцавую. Кіроўца па-ранейшаму называе яго — “Скарыны”. Але вось да ад’езду яшчэ час і ты ўпершыню пераходзіш дарогу ў напрамку, як там кпліва называюць яе — “чупа-чупсам”? Дагэтуль уражаньні твае былі тэлевізыйныя, ды з вакна аўтобуса.

А калі будоўля гэтая толькі распачыналася, напісалася ў цябе эсэ пра тое, “Як беларусы пісьменьнікаў любяць”. Фінал такі: “За савецкія часы народ наслухаўся, начытаўся і болей цяпер глядзіць “Багатыя таксама плачуць”. Але кніжак меней не становіцца. І бацька беларускага народу загадаў будаваць кнігасховішча. Сказаўшы, што гэта будзе не якая-небудзь “каробачка з рухлядзьдзю”, а сапраўдны кніжны храм. І загадаў, каб здавалі ўсе грошы. І мусіў народ падначальвацца. І першымі адрапартавалі памежныя войскі, мытнікі, ды іншыя дзяржаўныя людзі. А ў простага люду пачалі вылічваць з заробку.

І прыйшлі будаўнікі, каб раскідаць хаціну, якая займала месца будучай гіганцкай бібліятэкі. І зьдзівіліся невымерна, бо ў хаціне народу было прапісана — як тых прусакоў або тамоў у кніжнай шафе. І ўсе яны атрымалі бясплатныя кватэры. І пачалі капаць, і адкапалі скрыні, і былі тамака гарматныя снарады. І зьнішчылі іх. І тыя, якія ў хаціне мелі прапіску, ад невымернай удзячнасьці скінуліся на бібліятэку і пакляліся стаць самымі першымі яе наведнікамі і самымі лепшымі чытачамі, і ніколі не глядзець болей “Багатыя таксама плачуць”. І сабраліся яны за агульным сталом і выпілі за гэта моцна. І нехта ўзагадаў прызабыты вершык: Пятрусь Броўка...”

Што зараз застаецца дадаць да гэтага? Файна, што ўбачыў зблізку парк, перайшоў па мосьце цераз ваду, убачыў зблізку Скарыну і саму бібліятэку, і табе ўсё спадабалася. А колькі ў гмаху насамрэч кніжак на беларускай мове — гэта ўжо іншая гісторыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?