Прэзідыум Рады БНР выказаўся за працяг санкцый супраць уладаў Беларусі, уведзеных ЕС.

Як паведамляецца на старонцы Рады БНР у facebook, Прэзідыум Рады БНР, «спасылаючыся на Рашэнне Рады Еўрапейскага Звязу 2012/642/CFSP ад 15 кастрычніка 2012 аб працягу дзейнасці абмежавальных захадаў супраць інтарэсаў рэжыму А. Лукашэнкі, тэрмін якіх выцякае 31 кастрычніка 2013 года», прыняў адмысловую заяву, у якой выказаўся за прадаўжэнне санкцый.

Такую пазіцыю прэзідыум Рады тлумачыць тым, што «пануючыя ўлады Рэспублікі Беларусь далей трымаюць за кратамі палітычных вязняў, не адбылося рэабілітацыі па палітычных прысудах, не праведзеныя свабодныя выбары, не расследаваны знікненні палітычных праціўнікаў А. Лукашэнкі, грамадства застаецца ў атмасферы страху палітычных рэпрэсій».

У заяве прыгадваецца, што яшчэ 28 снежня 2010 года Рада БНР звярнулася да ўрадаў краінаў ЕС, ЗША, Канады, Украіны, Турцыі і Егіпта з заклікам «забараніць уезд на тэрыторыю гэтых краінаў супрацоўнікам КДБ і іншых спецслужбаў, сістэмы міністэрства ўнутраных спраў, судоў і пракуратуры Рэспублікі Беларусь, а таксама членам іх сем’яў. Рада БНР разглядае вышэйназваныя структуры як рэпрэсіўны механізм, які скарыстоўваецца супраць актывістаў дэмакратычнай апазіцыі».

Прэзідыум Рады БНР заклікае Раду ЕС «узнавіць дзеянне абмежавальных захадаў, пералічаных у рашэнні Рады Еўрапейскага Звязу 2012/642/CFS, у поўным аб’ёме і без увагі на адмысловыя выключэнні, зробленыя на працягу году», і «першачарговага пашырэння спісу асобаў пад дзеяннем абмежавальных захадаў коштам таксама тых, чый удзел у рэпрэсіях і іншай дзейнасці на карысць захавання нелегітымнага кіравання А. Лукашэнкі быў задакументаваны ў перыяд пасля падзеяў, звязаных з выбарамі 19 снежня 2010 года».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?