Ліцэістка Ксенія кажа, што проста не паверыла ўласным вачам — «забаронены» Міхалок у атачэньні сяброў крочыў па пэроне, зь ветлівай усьмешкай рэагуючы на зьдзіўленыя позіркі: «Ён быў, як я разумею, з усёй сваёй камандай, яны ішлі зь вялікім багажом — з усімі музычнымі інструмэнтамі, шмат усялякіх валізак і г.д. Мабыць, кудысьці пераяжджалі, бо вельмі хутка загрузіліся і зьехалі. Фактычна перад вагонам мы яго і «злавілі».

Як Міхалок адрэагаваў на ўласную пазнавальнасьць?

«Абсалютна нармальна, без усялякіх пярэчаньняў. У два заходы нават пасьпелі зь ім сфатаграфавацца — з адной кампаніяй, потым зь іншай. То бок і аўтограф узялі, і разам сфатаграфаваліся».

Жонка Міхалка, актрыса Купалаўскага тэатру Сьвятлана Зелянкоўская кажа, што Сяргей расказаў ёй пра сустрэчу зь ліцэістамі, погляды якіх ён цалкам падзяляе. Але з пэўных прычынаў яна ня можа сказаць, ці спыняецца ён у Менску падчас беларускіх транзытаў:

«На жаль, я не магу вам адказаць на гэтае пытаньне, выбачайце. Гэта вельмі асабістыя рэчы, асабліва пасьля ўсяго, што было. Але Сяргей мне сапраўды казаў, што на вакзале падыходзілі падлеткі, фатаграфаваліся, папрасілі аўтограф. Яму, канечне, было прыемна».

Пасьля таго як у кастрычніку 2011 году Міхалком зацікавілася пракуратура, у Беларусі музыкі бываюць толькі транзытам падчас гастрольных пераездаў.

Якраз у гэтыя дні два гады таму Сяргей Міхалок позвай быў выкліканы ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску — ведамства мелася правесьці лінгвістычную экспэртызу ягоных выказваньняў на адрас беларускага кіраўніцтва.

На адмысловым брыфінгу прадстаўнік Генпракуратуры па наглядзе за выкананьнем законнасьці прававых актаў Павал Радыёнаў заявіў, што «так званыя сьмелыя і бяскрыўдныя выказваньні саліста «Ляпіса Трубяцкога«, відавочна, знаходзяцца па-за рамкамі ня толькі нормаў этыкі і маралі, але і права».

Пры гэтым ён не даў адказу на пытаньне, ці можа Міхалок прыехаць у Беларусь, не баючыся быць затрыманым.

У шэрагу інтэрвію Сяргей Міхалок востра скрытыкаваў Аляксандра Лукашэнку.

Ён падкрэсьлівае, што ніколі не займаўся палітыкай, але сытуацыя ў Беларусі прымушае яго быць у апазыцыі да дзейнай улады:

«Я не факусуюся на гэтай пэрсоне. Мне проста вельмі не падабаецца, што нашу краіну асацыююць выключна з гэтым мярзотным палітычным дзеячам і падрыўніком. Гэта чалавек, які ўвогуле давёў дзяржаву да мяжы, а самае галоўнае, жахлівае яго злачынства ў тым, што ён правёў рубікон паміж беларусамі.

Такога не ўдавалася зрабіць нікому. Ёсьць людзі, якія адзін аднаго зараз ненавідзяць, і гэта адбылося дзякуючы Лукашэнку. Ён увесь час гаворыць на словах, што ёсьць нейкая інтэграцыя, салідарнасьць грамадзтва, што ён захаваў краіну.

Ён увесь час апэруе незалежнасьцю вакол сябе, намагаецца сфакусаваць гэткі астравок бясьпекі, увесь час хлусіць аб тым, што ўвесь сьвет у агні і пажары і толькі ў Беларусі, дзякуючы яму, усё спакойна. Карацей, гэта проста хлус, злодзей і невук. Ніякі ён не прэзыдэнт, гэта чалавек, які ненавідзіць свой народ. У лепшым выпадку ён заслугоўвае справядлівага суду».

Летась раённая пракуратура завяршыла праверку заяваў лідэра гурту «Ляпіс Трубяцкой» — складу злачынства ў словах музыкі знойдзена не было.

Але, на перакананьне калегаў Міхалка, крымінальную справу не завялі толькі дзеля таго, каб не атрымаць зьедлівых кпінаў з боку міжнароднай супольнасьці.

Найбліжэйшы канцэрт з праграмай «Грай», складзены цалкам зь беларускамоўных песень, прызначаны на 30 лістапада ў Вільні.

Чакаецца ажыятаж: нятанныя квіткі ўжо цяпер поўнасьцю раскупілі, як і білеты на цягнікі і аўтобусы на гэты дзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?