Фота Сяргея Гудзіліна.
Асобы:
Турзік, сабака.
Пушок, кот.
Свінка.
Парсючок.
Гусак.
Певень.
Гаспадар.
Гаспадыня.
Сялянскі падворак. У загародцы ля хлява Свінка і Парсючок, якія палуднуюць з аднаго карыта.
Парсючок: Ням-ням-ням, вой, як смачна!
Свінка: Дай мне пакаштававаць.
Парсючок: Яшчэ чаго! Еш, ням-ням, са свайго боку.
Свінка: А я хачу з твайго! (Хапае парсючка зубамі за вуха).
Парсючок: Ііі… (Адскоквае ад карыта).
Да загародкі падыходзяць Турзік і Пушок.
Пушок: Што яны там зноў сварацца?
Турзік: Вядома што: бульбіну не падзялілі.
Пушок: Я бульбу не люблю.
Турзік: Я таксама, а ім, бачыш, як смакуе.
Пушок: Хай сабе апошні раз парадуюцца. Шкада мне іх.
Турзік: І мне.
Пушок: Асабліва кілбас.
Турзік: Якіх кілбас?
Пушок: Пальцам пханых.
Турзік: А!
Пушок: Ужо што я да іх ласы, дык не перадаць! Колькі разоў па пысе анучай ад гаспадыні атрымліваў — не злічыць, але не магу даць сабе рады — і ўсё тут. Дзе якую кілбасу носам пачую ці ўбачу вачыма, дык чыста розум губляю. Летась гаспадыня на гарышчы, пад страхой, у кошыку кілбасы падвесіла, дык я дзірку ў вечку пачаў прагрызаць. Ноч грызу, другую. Іклы сабе зламаў бы, каб гаспадыня не агледзела. І яшчэ: добра, што на мышэй падумала, а то прыйшоў бы мне амэн.
Турзік: А я больш косткі люблю. Грызеш, бывала, грызеш… Эх, як цяпер, Пушок, жыць будзем, чым цешыцца?
Пушок: Так, благія часы надышлі.
Турзік: І не кажы.
Падыходзіць Гусак.
Гусак: А вось і не благія, а наадварот.
Турзік: Гэта чаму?
Гусак: Бо нас заместа свіней будуць разводзіць, дык наш род ого-го як падымецца.
Міма праходзіць Певень.
Турзік (праводзячы Пеўня вачыма): Падымецеся, падымецеся, калі курыны грып не падсячэ…
Певень: Дзе курыны грып? (Круціць галавой.) Каравул! Ратуйся хто можа! (Ляціць з усіх ног прэч).
Турзік: …ці якая іншая пошасць не прычэпіцца.
Пушок: А я ў тэлевізары…
Турзік (перапыняючы): Што гэта такое — тэлевізар?
Пушок: Скрыня такая, у гаспадароў у хаце стаіць, якая гаворыць і паказвае.
Турзік: Што гаворыць і паказвае?
Пушок: Рознае.
Турзік: І што там?
Пушок: А тое, што будуць разводзіць нейкіх штравусаў ці травусаў, я не дачуў .
Турзік: Можа трусоў?
Пушок: Не, не трусоў, я трусоў ведаю. А гэта такая птушка , накшталт нашага індыка, толькі вялікая, ростам вышэйшая за гаспадароў.
Турзік: Страхоцце якое! Мяне гэтыя індыкі да таго замардавалі, што я на іх глядзець без агіды не магу — пойдуць за блізкі свет, а пасля мы з гаспадыняй бегаем, высалапіўшы языкі, шукаем па ўсёй вёсцы, а яны то на плоце дзе ўмасцяцца, то на дрэва заляцяць. А як жа мы гэтым штравусам, ці як іх там, рады дамо? Яны ж, чаго добрага, у вырай выправяцца, дзе ж мы іх у тым выраі шукацьмем? Кароў куды лягчэй было пасвіць. Збярэм з гаспадаром на золку статак, на пашу яго загонім і ўвесь дзень ляжым сабе пасля, дрэмлем. Гаспадар чарку за каўнер залье, салам з цыбуляй закусіць, ну і пра мяне, вядома, не забудзецца. Мне, праўда, цыбуля не надта каб смакавала, пажую-пажую крыху дзеля вітамінаў — і выплюну. А вось сала! Эх, жыццё было — маліна!
Пушок: А малако? Я малака ад пуза, як не ў сябе напіваўся. Раніцай і вечарам бляшанку гаспадыня з берагамі налівала. А цяпер што? Колькі з тае казы малака? Казаць смешна — гаспадыня ў конаўку доіць. А мне гэтулькі дастаецца, што вусы толькі абмочыш. Адно расстройства. Я ўжо нават не хаджу глядзець, як яно цыркае: баюся, каб сэрца знячэўку не спынілася.
Турзік: Мне, шчыра кажучы, гэтая каза таксама недаспадобы.
Пушок: А што такое?
Турзік: У гарод тут надысь залезла, дык гаспадыня мяне абвінаваціла: «Куды, — кажа, — глядзіш, морда?» Але хіба я вінаваты, калі ёй слова, а яна мне — два ў адказ. Хацеў ужо быў цяпнуць для парадку за лытку, каб месца ведала, дык — што ты, Пушок, думаеш? — рогі наставіла, скаціна!
Звонку, з вуліцы, чуваць чалавечыя галасы, лямант, гул машыны, свінячы віск. З хаты выходзяць гаспадар і гаспадыня.
Гаспадар: Вось і да нас чарга дайшла.
Гаспадыня: Я іх не аддам, нізавошта! Я іх з сусолкі выкормлівала, начэй не спала, песціла, як родных дзетак!
Гаспадар: Кінь, дурніца, пугай абух не пераб’еш.
Гаспадыня: Грошы пазабіралі, а цяпер скварку з рота думаюць выхапіць! Не аддам, хай пацалуюць мяне ў сраку!
Гаспадар: Сціхні, баба!
Гаспадыня: Што сціхні, чаму? (Зласліва). Але пачакай, дойдзе і да чаркі.
Гаспадар: Да чаркі? Ды я ім!.. Ды я іх! (Круціць кулакі).
Гаспадыня (у бок): Вой, дай божа нашаму цяляці ваўка зваяваці.
Гаспадар і гаспадыня выходзяць на вуліцу.
Пушок: Слухай, Турзік, давай, пакуль не позна, рабіць адсюль ногі.
Турзік: Маеш, Пушок, рацыю: гайда куды зашыемся.
Пушок (да Гусака): І ты хавайся, да бяды нядоўга, патрапіш яшчэ пад гарачую руку.
Гусак: Не, я племянны, на развод.
Пушок: Бачылі мы ўжо такіх племянных. Але глядзі сам, мы цябе папярэдзілі.
Пушок і Турзік сыходзяць. Чалавечыя галасы, якія даносіліся з вуліцы, а таксама лямант, гул машыны, свінячы віск узмацняюцца.
Парсючок: Эх, добра пад’елі.
Свінка: Але, смачна! (Падымае галаву). Гэй, гусак, а што там за гармідар?
Гусак: Нейкіх, гавораць, штравусаў прывезлі.
Свінка: Адкуль прывезлі?
Гусак: З выраю.
Свінка: Вось што!
Парсючок (тыцнуўшы Свінку лычом у бок і пазяхнуўшы): Давай ужо класціся. (Валіцца каля карыта.) Паспім да вячэры.
Свінка: Не, пачакай, нейкае ў мяне нядобрае прадчуванне.
Канец
***
Аляксандр Апон
пісьменнік. Жыве ў Гродне. Зарабляе на жыццё прадпрымальніцтвам.