Пінскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта працягваецца расследаванне крымінальнай справы, распачатай па факце смерці малалетняга пацыента ў Пінскай цэнтральнай бальніцы. 

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Руслан Макарук, з прыцягненнем высокакваліфікаваных спецыялістаў вывучаецца спраўнасць і адпаведнасць нарматыўным патрабаванням медыцынскага абсталявання бальніцы. Праводзіцца таксама шэраг складаных экспертных даследаванняў, шырокі комплекс аператыўна-следчых мерапрыемстваў, скіраваных на ўстанаўленне сапраўдных акалічнасцяў і прычын трагедыі. 

Паводле слоў Макарука, следчы працягвае працу на месцы здарэння. Устаноўленыя асобы персаналу, якія аказвалі медыцынскую дапамогу дзіцяці. Вывучаюцца пытанні своечасовасці і правільнасці аказання меддапамогі; наяўнасці або адсутнасці парушэнняў методык і нарматыўна-прававых актаў; прычынна-следчай сувязі паміж дзеяннямі якіх-небудзь асоб і смерцю дзіцяці. 

12 кастрычніка прыкладна ў 20.00 у Пінскую цэнтральную бальніцу быў дастаўлены двухгадовы хлопчык з дыягназам «іншароднае цела ў бронхах».

У прыёмным пакоі хлопчыка агледзелі ўрачы, пасля чаго была прызначана аперацыя, якая праводзілася ў аперацыйным аддзяленні, дзе ў той жа дзень дзіця памерла. 

Пінскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта па факце смерці малалетняга дзіцяці ў лячэбнай установе была распачата справа на падставе ч. 2 арт. 162 Крымінальнага кодэкса (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента). 

Падчас першапачатковай праверкі былі апытаныя медыцынскія работнікі, якія аказвалі дапамогу дзіцяці, сваякі малалетняга, агледжана цела хлопчыка. Вынятыя дзве пацеркі. 

Нагадаем, у 2009 годзе па гэтым жа складзе злачынства (ч. 2 арт. 162 КК) былі асуджаныя трое дактароў Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бальніцы, з-за непрафесійных дзеянняў якіх памерла малалетняе дзіця. Суд прыгаварыў кожнага з урачоў да трох гадоў пазбаўлення волі з умоўным невыкарыстаннем пакарання тэрмінам на два гады. Акрамя таго, двое з іх былі пазбаўлены правы займацца медыцыйнскай дзейнасцю: адзін на тры гады, другі — на два.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?