«У мяне не было планаў вылучацца кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года», — паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец 20 кастрычніка журналістам.

Напярэдадні, нагадаем, ён вызваліўся пасля адбывання трохгадовага пакарання ў спецкамендатуры № 7 (вёска Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці).

Зараз былы палітзняволены знаходзіцца ў статусе судзімага, на працягу двух гадоў яму трэба будзе паведамляць у выканаўча-крымінальную інспекцыю аб змяненнях месца жыхарства ці працы. «Але гэта не прэвентыўны нагляд, мяне не будуць правяраць, дзе я знаходжуся вечарам», — зазначыў ён.

Севярынец таксама паведаміў, што намеснік начальніка спецкамендатуры на развітанне паведаміў яму, што вылучацца кандыдатам цягам бліжэйшых двух гадоў ён ужо не зможа.

«Такіх планаў у мяне і не было, але людзі Аляксандра Рыгоравіча падстрахаваліся», — сказаў ён.

Павел Севярынец, які падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў кіраваў выбарчым штабам кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы ад БХД Віталя Рымашэўскага, адбываў трохгадовае пакаранне за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0