На поўначы Еўропы, дзе выдатных майстроў футбола можна па пальцах пералічыць, на першы план выходзяць байцы.

Іх неверагодная аддача каштуе даражэй, чым майстэрства тэхнароў, бо розніца ў класе паміж ісландскімі клубамі мінімальная (калі слова «клас» наогул дарэчы ў кантэксце суровага паўночнага футбола [Ісландыя прабілася ў стыкавыя матчы чэмпіянату свету -- НН]).

Таму гульцы гатовыя дабівацца трыумфу любой цаной — смак працоўнай і справядлівай перамогі не параўнаць з найлепшымі мясцовымі рыбнымі дэлікатэсамі. Вось чаму футбол у Ісландыі абсалютна шчыры — гульцоў цікавяць не грошы, а задавальненне ад перамог. Да таго ж, імкненне быць першымі ў нашчадкаў вялікіх вікінгаў у крыві.

У такой мясарубцы прайшла вялікая частка кар'еры Аўсгейра Беркура Аўсгейрсана.

Зараз ісландскаму апорніку 26 гадоў — узрост футбольнай спеласці — але хаўбек ні разу ў жыцці не гуляў за зборную краіны — ні за маладзёжную, ні за юніёрскую.

Больш за тое, Аўсгейрсан не ўмее забіваць галы як Эйдур Гуд'ёнсан [знакаміты ісландскі гулец, выступаў за «Чэлсі» ў 2000-2006 гг., затым за «Барселону» ў 2006--2009 гг., цяпер гуляе за бельгійскі «Бруге» — НН] або падкручваць мяч як Гільфі Сігурдсан [зараз гулец «Тотэнхема» — НН], таму за ім ніколі не сачылі англійскія скаўты. Яго самая каштоўная ўзнагарода -- бронза, яго родны «Фількір» — толькі серадняк Пепсі-дэйлда, вышэйшай лігі краіны [у сёлетнім чэмпіянаце «Фількір» фінішаваў на 7-м месцы з 12 камандаў — НН].

Ды і наогул, ён не марыў пра вялікі спорт: хлопец вучыўся ў звычайнай ісландскай школе, фанацеў ад лонданскага «Арсенала», а пасля ўрокаў выцягваў мелодыі з гітары і наведваў секцыю футбола — цалкам знаёмы расклад дзяцінства, ці не праўда?

Спорт для Аўсгейра спачатку ішоў на закуску, бо клубны футбол у Ісландыі -- не самы прыбытковы занятак: сезон на востраве доўжыцца паўгода, а іншыя паўгода гульцы сядзяць без справы.

Таму ўлетку ісландзец гуляў і трэніраваўся, а ўзімку — навучаўся ва ўніверсітэце, працаваў менеджарам у клінінгавай кампаніі і забаўляў дашкольнікаў, працуючы аніматарам у дзіцячым садку. Хто б мог падумаць, што гэты шматгранны хлопец абярэ ў выніку прафесійны футбол?

Аўсгейр знайшоў сваё пакліканне не адразу — спачатку яго спрабавалі ў нападзенні, але затым перавялі ў цэнтр поля і трапілі ў кропку. У ролі хвалярэза ісландзец пачуваецца як рыба ў вадзе — лютасць Аўсгейрсана прынесла яму славу на ўсю краіну.

Наколькі жорсткі футбаліст на полі, настолькі ён рэзкі і ў выказваннях:

«Няхай Крысціна выцірае слёзы ў прыбіральні! [відаць, размова пра Крыштыяну Раналду — НН] Для мяне найлепшы гулец — Джэнара Гатуза [знакаміты футбаліст «Мілана» ў 1998-2011 гг. — НН], але цяпер я арыентуюся на Хаўера Маскерана, Майкла Эсьена, Скота Паркера і, вядома, Найджэла дэ Ёнга [галандскі футбаліст — НН]. А такія людзі, як Лі Катэрмол з «Сандэрленда», ніколі б не дазволілі «Барселоне» паказваць прыгожы футбол».

Апетыт прыходзіць падчас ежы — кульмінацыяй кар'еры Аўсгейрсана сталі гульні з «Тарпеда» Жодзіна ў Лізе Еўропы

[сезон 2010/2011, першы адборачны раўнд Лігі Еўропы, беларусы перамаглі двойчы — 3:1, 3:0 — НН], пасля чаго хаўбек засяродзіўся на футболе. Слава пра двужыльнага капітана «Фількіра» пераляцела з вострава на кантынент, і дэбютант нарвежскай Тыпелігі «Сарпсбарг» арандаваў байца на тры месяцы ў сакавіку 2013-га. Запрасіў Аўсгейра новы трэнер каманды Браян Дын -- экс-форварда зборнай Англіі цікавіў тыпаж мацёрага касталома, згублены на задворках Чэмпіёншыпа ў 90-х [другі па значнасці англійскі дывізіён -- НН]. І ў асобе ісландца ён знайшоў тое, што шукаў — сапраўдную рэінкарнацыю Віні Джонса [знакаміты англійскі футбаліст, а затым зорка фільмаў Гая Рычы — НН].

11 матчаў, 6 жоўтых картак і 2 дыскваліфікацыі — вось статыстыка Аусгейрсана ў «Сарпсбаргу».

Нарвегія, ледзь не штогод атрымоўвае лішнюю пуцёўку ў еўракубках за кошт лідарства ў рэйтынгу фэйр-плэй, была шакаваная манерамі ісландца. Аднак «Сарпсбарг» ганарыўся пачаткоўцам — тафгаю ўдаваліся нават галявыя перадачы, а калі ён адбываў двухматчавую дыскваліфікацыю, каманда з ходу прапусціла 9 мячоў. Толькі вось грошай на выкуп футбаліста у клуба не было. Таму Аўсгейр развітаўся з Нарвегіяй, але абяцаў вярнуцца — ужо ў кастрычніку кантракт ісландца з «Фількірам» скончыцца, і ён стане свабодным агентам.

Імідж, вядома ж, неад'емны складнік папулярнасці Аўсгейра.

У ісландца самая аўтэнтычная скандынаўская знешнасць — магутная барада, раскудлачаны чуб, кідкая татуіроўка і выдатны целасклад.

«Калі я паголены, мне на выгляд гадоў трынаццаць.

А барада робіць мяне страшнейшым - гэта важна для гульцоў майго амплуа.

Акрамя таго, барада - адзінае, у чым я круцейшы за майго куміра Гатуза, і я ганаруся гэтым».

Аўсгейра напэўна ўзялі б на ролю Тора ў галівудскіх блокбастарах, але ў вольны час ісландзец заняты іншым мастацтвам -- музыкай.

Прычым аднойчы гэта захапленне магло пераважыць футбол: у 2007 годзе яго група Shogun перамагла ў прэстыжным ісландскім рок-батлы, атрымала магчымасць запісаць альбом і адправіцца на фэст у Іспанію. Дарэчы, запісы Аўсгейра знаходзяцца ў вольным доступе ў інтэрнэце: паслухаць метал можна тут. Пранізліва хрыплы вакал належыць менавіта нашаму герою.

На татуіроўцы Аўсгейра адлюстраваныя імёны яго браты і сястры на фоне вялікага сэрца, а побач з імі - назва музычнага гурту Shogun і ні слова пра футбол.

Але зараз усё змянілася: «Футбол стаў для мяне нумарам адзін, таму мне прыйшлося пакінуць гурт.

Той час, што я займаўся творчасцю, быў лепшым у маім жыцці. Але больш ніякіх начных рэпетыцый — час думаць пра кар'еру гульца. Цяпер уся музыка абмяжоўваецца Айпадам - перад гульнямі мяне матывуе хэві-метал. Але я не развітваюся з творчасцю назаўжды. Абяцаю, што перад ад'ездам з Ісландыі я арганізую канцэрт, і мы пакажам, што такое рок».

Вобраз думкі, стыль жыцця, манера гульні - падобна, нават ісландскі клімат не настолькі суровы, наколькі суровы Аўсгейр Аўсгейрсан.

Яшчэ адно хобі тафгая — крывавыя баі MMA, а яго куміры — Цьяга «Пітбуль» Алвеш і Гунар «Гуні» Нэльсан. Дарэчы, навіны з свету баёў без правілаў у твітары Аусгейра з'яўляюцца хутчэй, чым на афіцыйным сайце MMA.

Яшчэ адзін герой Аўсгейрсана - амерыканскі баскетбаліст Ален Айверсан, які вядомы дакладнасцю трохачковых кідкоў і - куды ж без гэтага - маскуліннасцю. Айверсан таксама быў спартсменам, таксама складаў музыку, але таксама быў жудасным хуліганам. Неяк ён выставіў сваю жонку з хаты голай, калі западозрыў яе ў шлюбнай здрадзе, а затым з пісталетам ля скроні пагражаў расправай яе імавернаму каханку. Той факт, што пасля цяжкіх разбіральніцтваў баскетбалісту ўдалося вярнуцца ў спорт, Аўсгейр лічыць арыенцірам чалавечай годнасці.

Ісландзец з тых, каму для перамогі ўсе сродкі добрыя: за сямігадовую кар'еру на яго рахунку паўсотні гарчычнікаў, 4 выдаленні і ўсяго два галы.

«Суддзі, напэўна, ужо смяюцца з мяне, - усміхаецца Аўсгейр, - але яны павінны разумець: мая роля ў камандзе — ламаць атакі суперніка. Наша канчатковая мэта — гэта перамога, а для мяне няма большай радасці, чым святкаванне галоў з аднаклубнікамі!»

Зараз ісландзец імкнецца як мага хутчэй замацавацца сярод профі, бо яго новы выклік - гэта футбольная зборная, якая яшчэ ніколі не была так блізкая да трапляння на чэмпіянат свету. Будзьце ўпэўненыя, гэты мэтанакіраваны хлопец дасягне сваёй мэты. І калі ў яго жыцці не здарыцца Рыа-дэ-Жанейра, то тады абавязкова грымне Вудстак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?